RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Бясплатную бізнэс-школу «Я сама» правялі ў Магілёве

Як абудзіць крэатыўнасць, пазбегнуць памылак і стаць больш упэўненай ў сабе, расказалі жанчынам у Магілёве падчас трэнінгаў у бясплатнай бізнэс-школе «Я сама». Яе ўдзельніцамі стала каля 80 жанчын з Магілёва, Бабруйска, Мсціслава, Мінска, Гомеля.

«Гэта ўжо чацвёртая бізнес-школа, якую мы арганізуем. Да гэтага заняткі праходзілі ў Мінску, Віцебску і Горках. Мы ўлічылі ўсе пажаданні жанчын, прыслухаліся да таго, што іх хвалюе. І сабралі ўсё гэта ў 8 адукацыйных блоках, – растлумачыла кіраўнік праекта «Садзеянне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь» («Малыя гарады») Марына Каліноўская. – Да гэтага мы два гады праводзілі бясплатныя бізнес-семінары ў розных рэгіёнах. І як аказалася, вялікая частка удзельніц – жанчыны. Было прынята рашэнне зрабіць тэматычную адукацыйную праграму. Жанчынам камфортней разам, што дапамагае наладзіць не толькі навучальны працэс, але і знайсці новых знаёмых, завесці карысныя кантакты, абмяняцца вопытам і пагутарыць».

Адна з удзельніц Вольга Хведарук прыехала ў Магілёў з Гомельскай вобласці. Жанчына расказала, што ўжо не ўпершыню прымае ўдзел у праектах ПРААН. Дзякуючы гэтаму ў гарадскім пасёлку Карма быў адкрыты цэнтр дадатковай адукацыі дарослых і цэнтр бяспекі жыццядзейнасці ў школе. Зараз Вольга прыехала атрымаць практычныя веды ў сферы бізнесу.

«Зараз працую ў школе. Напэўна, прыйшоў час нешта ў жыцці змяніць. Мой муж адкрыў сваю справу, а я прыехала сюды, каб атрымаць дадатковыя веды. І ў мяне з’явіцца магчымасць дапамагаць мужу весці справы», – падзялілася яна.

А вось Алеся Федаровіч з Мсціслава разам з мужам некалькі разоў наведвала заняткі ў бізнес-школе. Муж ужо адкрыў невялікі бізнес. Алеся цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, аднак настроена рацыянальна выкарыстоўваць вольны час. У яе ёсць ідэя адкрыць у Мсціславе развівальны цэнтр для дзяцей. У бізнес-школе жанчына мае намер даведацца, з чаго пачынаць, як падыходзіць да бізнес-планавання і як быць з фінансаваннем.

«Жанчыне складаней вырашыцца на адкрыццё свайго бізнесу. Мы сабраліся тут, каб не проста расказаць удзельніцам, што рабіць, але і дапамагчы здабыць упэўненасць у сабе. Заняткі вядуць жанчыны, якія ўжо дабіліся поспехаў, адкрылі сваю справу і працягваюць ўдасканальвацца ў гэтым кірунку, – адзначыла Марына Каліноўская. – Важны момант у поспеху будучай бізнес-вумен –гэта падтрымка сям’і і граматнае размеркаванне абавязкаў. Калі ў жанчыны ёсць падтрымка, упэўненасць і жаданне развівацца, пастараемся даць тэарэтычную і, месцамі, практычную аснову для паспяховага старту яе будучай справы».

Заняткі для жанчын праходзілі па праекце ПРААН і Мінэканомікі Беларусі «Малыя гарады», які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі і кампаніі Visa. Наступным яго этапам стане вялікі фестываль жаночага бізнесу, які пройдзе ў пачатку сакавіка ў Мінску.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая