RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дагавор аб творчым супрацоўніцтве на пяць гадоў падпісалі Магілёўская гімназія-каледж мастацтваў і Тульскі каледж мастацтваў

Дагавор аб творчым супрацоўніцтве на пяць гадоў падпісалі Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў і Тульскі каледж мастацтваў імя А. С. Даргамыжскага. Свае подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі ўстаноў адукацыі Аляксандр Курсакоў і Вячаслаў Зюкін. Пацвярджэнне пагаднення адбылося падчас візіту нашай дэлегацыі ў расійскі горад.

Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы культуры, адукацыі і будзе садзейнічаць умацаванню сувязяў паміж Расіяй і Беларуссю, узаемнаму збліжэнню і ўзбагачэнню нацыянальных культур. У межах дагавора на тэрыторыі дзвюх краін будуць праводзіцца сумесныя канцэрты, конкурсы і фестывалі з удзелам творчых калектываў і асобных выканаўцаў, семінары, майстар-класы, творчыя сустрэчы для кіраўнікоў і педагогаў з мэтай прапаганды нацыянальнай культуры і абмену вопытам.

«Падпісанне пагаднення з Тульскім каледжам мастацтваў для нашай гімназіі-каледжа – чацвёрты міжнародны дагавор, – адзначылі ва ўстанове адукацыі. – Нягледзячы на тое, што Магілёў і Тулу раздзяляе амаль 600 км і дзяржаўная мяжа, нас моцна звязвае агульная слаўная гісторыя. Бо менавіта байцы 172-й стралковай дывізіі, якая складалася з тулякоў, у ліпені 1941 года 23 дні абаранялі беларускі горад ад фашыстаў. А ў 1944 годзе вызвалялі Магілёў воінскія злучэнні, сфарміраваныя ў Туле. Калі у двух гарадоў такая цесная гістарычная сувязь, то і сучаснасць павінна быць агульнай. Як даніна памяці падзеям Вялікай Айчыннай вайны, 20 гадоў таму, 26 лістапада 1998 года, паводле ініцыятывы Тульскай гарадской Думы і Магілёўскага гарвыканкама быў падпісаны Дагавор аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў».

Шмат падобнага і паміж установамі адукацыі. У летапісах як Магілёўскай вобласці, так і Тульскага краю мала музычных навучальных устаноў, чыя гісторыя ўзыходзіла б да пачатку XX стагоддзя. Каледж мастацтваў імя А. С. Даргамыжскага – найстарэйшая навучальная ўстанова краю, якой у будучым годзе споўніцца сто дзесяць гадоў, а Магілёўская гімназія-каледж мастацтваў створана на базе найстарэйшай у Беларусі музычнай школы і ў 2019 годзе адзначыць стагадовы юбілей. Абедзве ўстановы ажыццяўляюць інтэграцыю базавай, агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У межах спецыяльнай культурнай праграмы дэлегацыя гімназіі-каледжа наведала тульскі Крэмль і азнаёмілася з гістарычным цэнтрам Тулы, маштабная рэканструкцыя якога была завершана ў 2018 годзе. Дарэчы, на працягу амаль ста гадоў тэрыторыя за паўночнай сцяной тульскага Крамля была недаступная для гараджан, паколькі тут знаходзіліся складскія памяшканні знакамітага зброевага завода.

Фота – Магілёўская гімназія-каледж мастацтваў

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая