RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзед Мароз прыляціць у Магілёў на верталёце

Сёлета Дзед Мароз прыбудзе на навагоднія святкаванні ў Магілёў 15 снежня на верталёце. Пра гэта расказала начальнік упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жабарава.

«Да навагодніх святаў мы падрыхтавалі для магілёўцаў шмат сюрпрызаў. Святочная праграма пачнецца 15 снежня на плошчы Леніна. Тут пройдзе сустрэча Дзеда Мароза, які сёлета прыляціць у Магілёў на верталёце. Пасля гэтага на цэнтральнай плошчы горада запаляць агні на галоўнай ёлцы», – расказала Ірына Жабарава.

З 25 па 30 снежня на цэнтральных вуліцах чакаецца «НаШэсце Дзядоў Марозаў». «У гэтыя дні з 17.00 да 18.00 па вуліцах будзе праходзіць каля 100 чалавек у касцюмах Дзядоў Марозаў у суправаджэнні аркестра. Пасля гэтага на плошчы ля ГЗЦ «Атрыум» разгорнецца флэшмоб з адлічваннем часу, які застаўся да Новага года», – падзялілася планамі начальнік упраўлення культуры.

Парк Падніколле стане адным з цэнтраў святочных мерапрыемстваў. Тут размесціцца Ледзяная рэзідэнцыя Дзеда Мароза, пройдуць спартыўныя навагоднія спаборніцтвы і конкурс на самае лепшае ўпрыгожванне парку сярод магілёўскіх прадпрыемстваў. «Тэматычнае навагодняе афармленне атрымае 41 пляцоўка. Тут будуць задзейнічаны ўсе буйныя прадпрыемствы горада», – падкрэсліла Ірына Жабарава. Акрамя таго, у Падніколлі ўпершыню пройдзе парад санак. «Мы спадзяёмся, што магілёўцы ўспрымуць ідэю з энтузіязмам. Кожны зможа праявіць крэатыўнасць», – адзначыла яна.

Напярэдадні Новага года ў Магілёве таксама пройдзе нямала мерапрыемстваў: кірмашы і выставы-продажы, яркая праграма для дзяцей, святочнае катанне на каньках на цэнтральным стадыёне, начныя танцавальна-забаўляльныя шоу, «прамыя лініі» з Дзедам Марозам, лазернае шоу і многае іншае. Завершацца гулянні 14 студзеня.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая