RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзейнасць рэгіянальных СМІ па рашэнні задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі разгледзелі на пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі ў Бабруйску

Дзейнасць рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі па рашэнні задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі разгледзелі на пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі, якое адбылося сёння ў Бабруйску.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, начальнікі галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, галоўныя рэдактары абласной, гарадскіх і раённых газет, рэгіянальных тэлерадыёвяшчальных арганізацый Магілёўскай вобласці. Перад пачаткам палілога яны змаглі пазнаёміцца са СМІ і інфармацыйнымі бюлетэнямі, якія выпускаюцца арганізацыямі горада на Бярэзіне.

Сродкі масавай інфармацыі Прыдняпроўскага краю маюць добрую дынаміку ў эканамічным і змястоўным развіцці, адзначыў падчас пасяджэння міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. Гэтую тэндэнцыю варта развіваць і ўдасканальваць. У прыватнасці, больш актыўна і смела напаўняць кантэнт аб’ектыўнымі і апраўданымі крытычнымі матэрыяламі.

«Роля рэгіянальных СМІ вельмі вялікая, а ў цяперашніх умовах яна ўзрастае яшчэ больш, – сказаў міністр інфармацыі, – бо толькі дзякуючы мясцовым масмедыя жыццё нашых абласцей, раёнаў і гарадоў не згубілася ў бурных інфармацыйных патоках, якія штохвілінна абвальваюцца на абывацеляў з многіх крыніц. Гэта відаць нават на прыкладзе сацсетак і паведамленняў тэлеграм-каналаў, якія ўплываюць на грамадскую свядомасць і выконваюць задачы СМІ, хоць далёка і не заўсёды нясуць дакладную інфармацыю».

Аляксандр Карлюкевіч пазначыў арыенціры працы рэгіянальных СМІ ў сучасных умовах, а таксама падкрэсліў неабходнасць развіцця інфармацыйных ініцыятыў і творчых праектаў.

Працягнула працу калегіі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка. У сваім выступленні яна спынілася на інфармацыйнай прасторы рэгіёна ў сучасных умовах медыярынку.

Шэраг цікавых прапаноў па далейшым развіцці рэгіянальнай прэсы ў лічбавую эпоху выказаў выканальнік абавязкаў галоўнага рэдактара УКІП «Рэдакцыя газеты “Бабруйскае жыццё”» Сяргей Кухто. «Я перакананы, што лічбавізацыя СМІ нясе друкаваным СМІ не забыццё, а хутчэй дае ім унікальныя магчымасці для заваявання новых тэрыторый і для рэалізацыі новых задач, – канстатаваў ён. – Цікавасць да друкаваных выданняў вяртаецца: людзям надакучыла фэйкавая інфармацыя, якой стала шмат у сетцы. Людзі вераць дзяржаўным друкаваным выданням. Яны перакананы, што менавіта там хлусіць не будуць, і людзям неабходная гэта крыніца ісціны».

Удзельнікі выязнога пасяджэння калегіі наведалі ўзбуйненую друкарню імя А. Т. Непагадзіна, УКІП «Рэдакцыя газеты “Бабруйскае жыццё”», ААТ «Чырвоны харчавік», дзе ім прэзентавалі мабільны дадатак радыё «Zефир FM», расказалі пра газету «Zefir.by» і яе ролю ў фарміраванні карпаратыўнага духу, станоўчага іміджу прадпрыемства.

Па матэрыялах сайтаў bobruisk.by і bobrlife.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая