RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзяржаўтаінспекцыя Магілёўскай вобласці ўзмацніла кантроль за сельгастэхнікай

Дзяржаўтаінспекцыя Магілёўскай вобласці ўзмацніла кантроль за сельгастэхнікай. Пра гэта паведамілі ў ДАІ УУС Магаблвыканкама.

Штодня супрацоўнікі ДАІ сумесна з прадстаўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў праводзяць тэхнічныя агляды гатоўнасці тэхнікі да палявых работ, кантралююць своечасовасць праходжання дзяржтэхагляду, правяраюць укамплектаванасць тэхнікі вузламі і агрэгатамі, якія ўплываюць на бяспечную эксплуатацыю на дарогах агульнага карыстання. Акрамя таго, кантралюецца спраўнасць знешніх светлавых прыбораў, прадугледжаных канструкцыяй прычапных агрэгатаў, навяснога абсталявання. Не застаецца без увагі ДАІ фізічны стан кіроўцаў і забяспечанасць аграрыяў рабочым адзеннем са святлоадбіўнымі элементамі. «Гэтыя складнікі ўплываюць не толькі на ход пасяўной і будучы ўраджай, але і на бяспеку ўсіх без выключэння ўдзельнікаў дарожнага руху», – падкрэслілі суразмоўцы.

На сённяшні дзень ДАІ праверыла ўсе сельгаспрадпрыемствы вобласці, на балансе якіх маецца звыш 16 тыс. транспартных сродкаў, сельгасмашын, рознага навяснога і прычапнога абсталявання. Падчас маніторынгу ўстаноўлена, што больш за 1 тыс. адзінак тэхнікі не мае допуску да ўдзелу ў дарожным руху.

У бягучым годзе супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выявілі 340 правапарушэнняў бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, дапушчаных работнікамі суб’ектаў гаспадарання АПК, у тым ліку кіраванне сельскагаспадарчай тэхнікай у стане алкагольнага ап’янення (5), кіраванне службовым транспартам без права на тое (24).

За выпуск на лінію тэхнічна няспраўных транспартных сродкаў, якія не прайшлі дзяржтэхагляд, не зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, да адказнасці прыцягнута 66 службовых асоб сельгаспрадпрыемстваў.

За допуск да кіравання транспартнымі сродкамі кіроўцаў, якія не маюць права кіравання, або без праходжання перадрэйсавага медыцынскага агляду меры адміністрацыйнага ўздзеяння прыняты да 24 адказных службовых асоб.

Асаблівая ўвага надаецца прафілактыцы здзяйснення і спынення крадзяжоў, у тым ліку крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў з аб’ектаў АПК.

«Толькі сумесныя намаганні Дзяржаўтаінспекцыі, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу дадуць станоўчы вынік у гарантаванні бяспекі дарожнага руху на сяле ў перыяд пасяўной кампаніі», – падкрэслілі ў ДАІ УУС Магаблвыканкама.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая