RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Эстафету акцыі БРСМ «Тыдзень дабра» 30 жніўня прыме Магілёў

Валанцёры Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі напярэдадні новага навучальнага года ва ўсіх рэгіёнах і горадзе Мінску праводзяць «Тыдзень дабра». Магілёў прыме акцыю 30 жніўня, паведамілі ў абласным камітэце ГА «БРСМ».

Юных землякоў з надыходзячым Днём ведаў на сваёй малой радзіме сумесна з валанцёрамі «Добрага сэрца» павіншуе першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк. Наборы з неабходнымі прыладамі да навучальнага года будуць уручаны школьнікам са шматдзетнай сям’і Шурпіных – Сяргею, Дзіму і Наташы, навучэнцам 5, 7 і 9 класаў СШ № 40 горада Магілёва, якую, дарэчы, у свой час скончыў лідар БРСМ. Не застанецца без увагі і самы маленькі член сям’і – двухмесячны Ягорка. Для яго падарункам стане адзенне з элементамі нацыянальнага арнаменту.

У цэнтры клопату ў гэты дзень будуць і выхаванцы Магілёўскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Для іх падрыхтаваны не толькі падарункі да школы, але і забаўляльная праграма, праца творчай мастацкай майстэрні. Правесці размінку перад школай і вырашыць некалькі задач адначасова – паразважаць, абдумаць стратэгію, пралічыць хады – дапамогуць настольныя гульні, у якія дзеці пагуляюць разам з валанцёрамі.

«Тыдзень дабра» з’яўляецца вынікам рэспубліканскай дабрачыннай акцыі БРСМ «У школу з добрым сэрцам», якая праходзіць з 1 жніўня па 10 верасня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У гэты перыяд валанцёры руху «Добрае сэрца» арганізавалі ў буйных гандлёвых цэнтрах краіны пункты збору канцылярскіх і спартыўных прыладаў, тавараў для дзіцячай творчасці, развіваючых настольных гульняў, навучальных дапаможнікаў, школьнага адзення, абутку. Падарункі перадаюцца дзецям са шматдзетных і няпоўных сем’яў, выхаванцам дзіцячых дамоў, сацыяльных прытулкаў, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая