Філіял «Домабудаванне» РУП «Завод газетнай паперы» плануе паставіць у 2019 годзе ў Францыю 48 драўляных дамоў. Такая дамоўленасць дасягнута па выніках перагавораў на Міжнароднай мэблевай выставе Imm Cologne ў Германіі, паведамілі ў прэс-службе канцэрна «Беллеспаперапрам».
Паводле інфармацыі прэс-службы, беларускія вытворцы вярнуліся з выставы з рэальнымі дамоўленасцямі і кантрактамі на пастаўку прадукцыі. «Паспяховымі дні на выставе сталі і для тых прадпрыемстваў, якія не выстаўлялі сваю прадукцыю, але актыўна ўдзельнічалі ў дзелавой праграме і перагаворных працэсах. РУП «Завод газетнай паперы» атрымала заяўку на пастаўку ў 2019 годзе ў Францыю 48 драўляных дамоў, большая частка з якіх 2-5-павярховыя», – адзначылі ў канцэрне. Першыя пастаўкі плануюцца ў кастрычніку бягучага года. Лёгкія садовыя домікі таксама ў Францыю пачне пастаўляць ААТ «Буддэталі».
Канцэпцыя беларускай экспазіцыі была рэалізавана ў фармаце «беларуская кватэра» з кухняй, гасцінай, спальняй, гардэробнай і пярэднім пакоем. Сваю прадукцыю на плошчы 200 кв. м прадставілі флагманы беларускай дрэваапрацоўкі і мэблевай прамысловасці: ААТ «Гомельская мэблевая фабрыка «Прагрэс»», ЗАТ «Маладзечнамэбля», СТАА «ЗОВЛенЕВРОМЕБЕЛЬ», ААТ «Гомельдрэў», ААТ «Магілёўдрэў», ААТ «ФанДОК», ААТ «Івацэвічдрэў», ААТ «Рэчыцадрэў», ТАА «Алмаз-Люкс», ЗП «Баро». Экспазіцыя таксама ўключала калекцыі мэблі, вырабленыя для еўрапейскага рынку па адпаведных стандартах і з улікам сучасных трэндаў і тэндэнцый, якія дыктуюць неабходнасць простага і функцыянальнага дызайну, выкарыстанне масіва і натуральных матэрыялаў, стрыманых каляровых рашэнняў.
Падчас выставы прадпрыемствы дасягнулі дамоўленасцяў з вядучымі замежнымі мэблевымі кампаніямі аб пастаўцы прадукцыі не толькі на еўрапейскія, але і далёкаўсходнія, азіяцкія рынкі. Напрыклад, ЗАТ «Маладзечнамебель» абмеркавала пытанні паставак мяккай мэблі і пашырэння асартыменту на рынках Германіі з буйной гандлёва-вытворчай сеткай OTTO, а таксама адзначыла перспектывы выхаду прадукцыі на рынак ЗША. ААТ «ФанДОК» падчас працы экспазіцыі заключыла дагаворы з кампаніямі з Польшчы, Даніі, Германіі, Італіі, Украіны на суму амаль 500 тыс. еўра на пастаўку мэблі і фанеры. Новыя дагаворы з кампаніямі з Балгарыі, Украіны, Эстоніі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Германіі, Саудаўскай Аравіі, Аўстрыі, Бразіліі, Мальты, Ізраіля, Румыніі, Літвы заключыла ААТ «Магілёўдрэў».
ААТ «Гомельская мэблевая фабрыка «Прагрэс»» дамовілася аб пастаўках мэблі ў Літву, буйную гандлёвую сетку Латвіі і аб супрацоўніцтве з дзвюма нямецкімі кампаніямі, а таксама правяло паспяховыя перагаворы з кампаніямі з Францыі і Італіі. Прадстаўнікі прадпрыемстваў СТАА «ЗОВЛенЕВРОМЕБЕЛЬ», ААТ «Івацэвічдрэў», ААТ «Гомельдрэў» намецілі шляхі супрацоўніцтва з вялікай колькасцю кампаній, з некаторымі былі заключаны кантракты.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
17.04.2025 - 09:05
14.04.2025 - 11:50
Змяненні ў пенсійным забеспячэнні для некаторых катэгорый грамадзян уступяць у сілу з 1 мая