RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фіналістаў рэгіянальнага этапу спаборніцтваў «Залатая шайба»ў дзвюх узроставых групах дывізіёна «Б» вызначаць 24-25 студзеня ў Магілёўскай вобласці

Каманды-ўдзельніцы абласнога этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дзвюх узроставых групах дывізіёна «Б» вызначаць 24-25 студзеня. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла метадыст Магілёўскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Людміла Манёнак.

Са слоў суразмоўніцы, з прыходам зімы на лядовых пляцоўках рэгіёна не сціхаюць баталіі. Спярша хакеісты выяўлялі найлепшую дваровую каманду ў малодшай (2005-2007 год нараджэння) і старэйшай (2002-2004 год нараджэння) узроставых групах у сваім раёне. Дружыны-пераможцы дадзенага старту скрыжуюць клюшкі на абласных занальных спаборніцтвах.

Так, у Чавусах сіламі памераюцца каманды Чавускага, Дрыбінскага, Мсціслаўскага, Чэрыкаўскага і Слаўгарадскага раёнаў. У Асіповічах на лёд выйдуць прадстаўнікі Асіповіцкага, Бабруйскага, Кіраўскага, Клічаўскага і Глускага раёнаў. Касцюковічы прымуць хлопцаў з Касцюковіцкага, Крычаўскага, Хоцімскага, Краснапольскага і Клімавіцкага раёнаў. У Кадзіна з’едуцца найлепшыя хакеісты Магілёўскага, Быхаўскага і Бялыніцкага раёнаў.
Пераможцы гэтага этапу стануць удзельнікамі абласных фінальных спаборніцтваў «Залатая шайба», якія пройдуць у лютым на лядовай арэне Шклова. Найлепшыя дружыны ў двух узростах атрымаюць права прадставіць Магілёўскую вобласць на рэспубліканскім этапе «Залатой шайбы».

Нагадаем: у дывізіёне «Б» удзельнічаюць каманды раёнаў і гарадоў, дзе няма фізкультурна-спартыўных збудаванняў са штучным лёдам.

Упершыню турнір «Залатая шайба» прайшоў у СССР у зімовым сезоне 1964-1965 гадоў пасля таго, як у газеце «Піянерская праўда»быў апублікаваны заклік «На старт, сябры! Залатая шайба кліча!». Родапачынальнікам спаборніцтваў быў вядомы трэнер Анатоль Тарасаў.

З 1997 года «Залатая шайба» з’яўляецца адным з самых папулярных дзіцяча-юнацкіх спартыўных турніраў Беларусі. Шмат у чым дзякуючы гэтым спаборніцтвам ва ўсіх раёнах краіны дзіцячы хакей атрымаў масавае развіццё. Галоўная ўмова і адметная рыса спаборніцтваў – удзел у турніры выключна дваровых каманд. У той жа час шлях з «Залатой шайбы» у прафесіяналы цалкам магчымы, па выніках спаборніцтваў хлопцы не раз траплялі ў спецыялізаваныя спартыўныя навучальныя ўстановы. У свой час у турніры прымалі ўдзел такія знакамітыя хакеісты, як Уладзіслаў Траццяк, Аляксандр Мальцаў, Вячаслаў Фяцісаў, Уладзімір Крутаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая