RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Горацкі «Сокал» заняў другое месца ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба»

Горацкі «Сокал» заняў другое месца ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Беларусі ў старэйшай узроставай групе ў дывізіёне «А».

У вырашальным матчы, які прайшоў на малой пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны», нашы спартсмены саступілі камандзе Цэнтральнага раёна Мінска «Грыфоны» з лікам 10:3. Да гэтага горацкая дружына правяла цэлую серыю пераможных сустрэч: упэўнена абыграла зборную Партызанскага раёна Мінска «Партызан» – 9:6, віцебскую «Паўночную сталіцу» – 2: 13, «Атлант» з Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці – 0:9. Апошняя каманда заняла трэцяе месца ў выніковым пратаколе турніру.

Пасля заканчэння фінальнага матчу пераможцы і прызёры спаборніцтваў атрымалі ўзнагароды і кубкі, якія ім уручылі міністр адукацыі Ігар Карпенка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка.

Акрамя таго, былі названыя найлепшыя ігракі па амплуа і сімвалічная пяцёрка. У склад апошняй увайшлі нашы Аляксандр Кавалёў, Данііл Лахноў і Ягор Іванчанка.

Нагадаем: у турніры дывізіёна «А» ўдзельнічалі каманды раёнаў і гарадоў з крытымі лядовымі каткамі, а ў дывізіёне «Б» – калектывы, дзе такіх збудаванняў няма. Спаборніцтвы ў апошнім традыцыйна пройдуць у сакавіку гэтага года.

Арганізатарамі турніру выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, грамадскія аб’яднанні «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і «Дзіцяча-юнацкі клуб па хакеі «Залатая шайба»», асацыяцыя «Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь», рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне «Прэзідэнцкі спартыўны клуб».

Упершыню турнір «Залатая шайба» прайшоў у СССР у зімовым сезоне 1964-1965 гадоў пасля таго, як у газеце «Піянерская праўда» быў апублікаваны заклік «На старт, сябры! Залатая шайба кліча!». Родапачынальнікам спаборніцтваў быў вядомы трэнер Анатоль Тарасаў. З 1997 года «Залатая шайба» з’яўляецца адным з самых папулярных дзіцяча-юнацкіх спартыўных турніраў Беларусі. Шмат у чым дзякуючы гэтым спаборніцтвам ва ўсіх раёнах краіны дзіцячы хакей атрымаў масавае развіццё. Галоўная ўмова і адметная рыса спаборніцтваў – удзел у турніры выключна дваровых каманд. У той жа час шлях з «Залатой шайбы» у прафесіяналы цалкам магчымы, па выніках спаборніцтваў хлопцы не раз траплялі ў спецыялізаваныя спартыўныя навучальныя ўстановы. У свой час у турніры прымалі ўдзел такія знакамітыя хакеісты, як Уладзіслаў Траццяк, Аляксандр Мальцаў, Вячаслаў Фяцісаў, Уладзімір Крутаў.

Фота - БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая