RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гукавая сістэма навігацыі для невідушчых з’явілася ў Магілёве

Прэзентацыя праекта «Крокі на гукі» адбылася сёння ў магілёўскай паліклініцы № 2. Медустанова стала першай у вобласці, дзе працуе гука-маўленчая навігацыйная сістэма для людзей з інваліднасцю па зроку. Яна зніжае бар’еры на шляху невідушчых і са слабым зрокам, дапамагаючы ім лепш арыентавацца ў прасторы.

Каб скарыстацца навігацыяй, варта ўстанавіць на смартфон спецыяльны бясплатны дадатак BuzzPoint, актывізаваць яго дотыкам пальца па экране і прытрымлівацца падказак. Дзякуючы ім можна даведацца, у якой частцы будынка цяпер знаходзіцца чалавек і куды яму неабходна рухацца. Дадатак таксама паведаміць, дзе размяшчаюцца лесвіцы, дзверы, падкажа колькасць прыступак, нумар патрэбнага кабінета і інш.

Памочнікам дадатка з’яўляецца маршрут, абсталяваны адмысловымі скрынкамі-інфарматарамі, якія выдаюць сігнал, падобны метраному, пры набліжэнні да іх. Дзякуючы гэтаму невідушчы чалавек лёгка арыентуецца, рухаючыся да патрэбнага аб’екта.

Паводле слоў намесніка старшыні Цэнтральнага праўлення ГА «БелТІЗ», кіраўніка ўстановы рэабілітацыі інвалідаў па зроку «Цэнтр паспяховага чалавека» Міхаіла Антоненкі, падобных сістэм па Беларусі ўстаноўлена больш за дзвесце. Яны дапамагаюць не толькі вызначыць месца, дзе знаходзіцца чалавек, але і дайсці да будынка, знайсці і адкрыць уваходныя дзверы, зарыентавацца ўнутры. Усё гэта, несумненна, дазваляе невідушчым людзям часцей выходзіць на вуліцы горада і адчуваць сябе больш упэўнена.

Як расказаў галоўны урач паліклінікі № 2 Аляксандр Нядзвецкі, іх установа аховы здароўя – першая ў горадзе, абсталяваная такой сістэмай. «Яна павысіць самастойнасць людзей з парушэннем зроку, знізіць няўпэўненасць у сваіх сілах пры наведванні нашай медустановы», – адзначыў суразмоўца. – Для большай зручнасці, акрамя інфарматараў, устаноўлены тактыльныя элементы пры ўздыме і спуску з лесвіцы, а таксама яркія жоўтыя таблічкі з інфармацыяй, названай буйным чорным шрыфтам і шрыфтам Брайля».

Дарэчы, медперсанал ужо пратэставаў працу сістэмы навігацыі. Ніякіх складанасцяў з абслугоўваннем пацыентаў не ўзнікла.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая