RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Хоцімскі раён стаў абсалютным пераможцам абласных спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер»

Хоцімскі раён стаў абсалютным пераможцам у камандным заліку абласных спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла галоўны сакратар спаборніцтваў Ірына Папкова.

За ўзнагароды на лыжнай трасе ў Пячэрскім лесапарку ў спрынце і эстафеце змагалася каля 280 дзяцей з 23 каманд. Гэта навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ад 11 да 16 гадоў – найлепшыя са школьнікаў, якія прынялі ўдзел у раённых і мясцовых этапах.

У выніку перамогу ў малодшай узроставай групе святкавала каманда Хоцімскага раёна. На другім месцы размясцілася каманда Клімавіцкага раёна, на трэцім – Кіраўскага. У сярэдняй узроставай групе першымі таксама сталі хацімчане, серабро дасталася прадстаўнікам Клімавіцкага, бронза – Круглянскага раёнаў. У старэйшай узроставай групе вікторыю святкавала каманда Хоцімскага раёна. На другім радку ў выніковым пратаколе размясціўся Кіраўскі раён, трэцяя пазіцыя дасталася юным спартсменам з Клімавічаў.

«Вынікі выступленняў каманд Хоцімскага і Клімавіцкага раёнаў былі чаканыя, – адзначыла Ірына Папкова. – Біятланісты гэтых рэгіёнаў добра падрыхтаваны, рэгулярна выступаюць і становяцца прызёрамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Ды і на «Снежным снайперы» на працягу 12 гадоў хлопцы заўсёды падымаліся на п’едэстал гонару».  

Абласная каманда будзе сфарміравана з 24 самых моцных лыжнікаў-стральцоў. У яе аснову ўвойдуць школьнікі з Хоцімскага, Клімавіцкага, Кіраўскага, Чавускага, Круглянскага раёнаў.

Плануецца, што для нашай каманды з 1 па 3 лютага ў мінскім спарткомплексе «Раўбічы» пройдзе абласны вучэбна-трэніровачны збор. З 4 па 7 лютага тут адбудуцца заняткі з біятланістамі ад кожнай вобласці і горада Мінска. Дзеці вывучаць тэхніку бяспекі, навучацца карыстацца сапраўднай малакалібернай вінтоўкай, 5 лютага пачнецца лыжная падрыхтоўка. Фінал спаборніцтваў пройдзе з 8 па 10 лютага.

З моманту першых стартаў у 2007 годзе спаборніцтвы «Снежны снайпер» сталі аднымі з самых масавых. Юныя аматары біятлона таксама маюць магчымасць пагутарыць са сваімі кумірамі. У розны час у якасці ганаровых гасцей у фінальных мерапрыемствах прымалі ўдзел такія легендарныя спартсмены, як Сяргей Булыгін, Святлана Парамыгіна, Алег Рыжанкоў, Ігар Басінскі, Алена Зубрылава, Сяргей Далідовіч, Дар’я Домрачава і Людміла Ананько.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая