RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каманда Магілёўскай вобласці прыняла ўдзел у спартыўным свяце «Мінская лыжня-2019»

Каманда Магілёўскай вобласці прыняла ўдзел у спартыўным свяце «Мінская лыжня-2019», якое прайшло на лыжаролернай трасе ў сталічным мікрараёне Вяснянка.

Наш квартэт па нумарам трынаццаць у складзе намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Кунцэвіча, старшыні Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Кнігі, намесніка старшыні Камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Веранікі Дзямідавай, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы са сродкамі масавай інфармацыі і маладзёжнай палітыкі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Вольгі Перагудавай спаборнічаў у эстафетнай гонцы 4х3 км. Разам з дружынай Прыдняпроўскага краю на старт выйшлі каманды адміністрацыі прэзідэнта, Савета Міністраў, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, упраўлення справамі Прэзідэнта, Палаты прадстаўнікоў, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, СМІ – усяго 20 квартэтаў.

Арганізатары сёлета змянілі фармат «Мінскай лыжні» і прапанавалі прабегчы ўдзельнікам 3 км з двума агнявымі рубяжамі. Стральба – пяць стрэлаў без дадатковых патронаў – была арганізавана з адлегласці 45 м са становішча лежачы з малакалібернай вінтоўкі па біятлонных мішэнях дыяметрам 11,5 см. За незакрытую мішэнь быў прадугледжаны штрафны круг даўжынёй 120 м.

У выніку пераможцам эстафетнай гонкі стала каманда Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У складзе квартэта разам з кіраўніком дзяржавы, які завяршаў гонку, выступілі Святлана Канашэнка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава і Мікалай Лукашэнка. Другое месца занялі прадстаўнікі Савета Міністраў, а на трэцяй пазіцыі размясцілася Зборная «Алімпік», у якую ўваходзіла прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант, Дар’я Шманай, Павел Белы і Дзмітрый Баскаў. Дарэчы, не ўсім камандам удалося трапіць у фінішны пратакол: шэсць дружын былі зняты са спаборніцтваў у сувязі з адставаннем на круг.

Варта адзначыць стараннасць і мэтанакіраванасць каманды Магілёўскай вобласці. «Удзельнікі эстафеты ў мінулым не з’яўляліся лыжнікамі або біятланістамі. Нягледзячы на гэта, яны стойка прайшлі ўсю дыстанцыю і агнявыя рубяжы, – адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Новікаў. – Хай нашай камандзе сёлета не ўдалося трапіць на п’едэстал гонару, але было зроблена ўсё магчымае, кожны выклаўся па поўнай. Заваяваная пазіцыя – падстава трэніравацца больш старанна, каб у будучыні дамагчыся больш высокіх вынікаў».

Як прызналіся самі ўдзельнікі, яны атрымалі масу станоўчых уражанняў і каласальны зарад энергіі. Таксама ім удалося пагутарыць з алімпійскімі чэмпіёнкамі Дар’яй Домрачавай і Надзеяй Скардзінай.

Фота прадастаўлены Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая