RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кампазіцыю «З’яўленне іконы» ўсталявалі ў Бялынічах

Скульптурную кампазіцыю «З’яўленне іконы» ўсталявалі сёння ў Бялынічах. Гранітны анёл упрыгожыў плошчу ля Царквы ў гонар іконы Божай Маці Бялыніцкай.

Аўтарам скульптуры стаў магілёвец Аляксандр Мінькоў. Памер каменнага анёла – 3х2 м. Скульптура выканана з пакостаўскага граніту. Яе вага – каля 2,5 г. Яшчэ 75 кг важыць бронзавая ікона, якую трымае анёл.

«Праца над скульптурай доўжылася каля трох тыдняў. Каб паспець своечасова, трэба было падтрымліваць вельмі высокі тэмп працы, але гэта ніяк не адбілася на якасці скульптуры, – падзяліўся Аляксандр Мінькоў. – Я хацеў зрабіць цікавую кампазіцыю, якая будзе асацыявацца з гэтым горадам. Так нарадзілася ідэя анёла з абразам. А акрамя гэтага, я пастараўся дадаць сюды нешта арыгінальнае і цікавае: на крылах анёла атрымалася зрабіць ўзор выцінанкі. Гэта вельмі незвычайная манера працы з каменем, і падобных скульптур я нідзе не знайшоў».

Бронзавая ікона, якую трымае Бялыніцкі анёл, адлівалася па мадэлях скульптара. Як расказаў аўтар, макет ствараўся па ўзоры сапраўднага абраза. «Хацелася перадаць дакладнасць і праўдападобнасць», – падкрэсліў аўтар.

«Я вельмі задаволены вынікам, таму што змог увасобіць у жыццё ўсе свае творчыя ідэі. Прыемна, што ў мяне атрымаўся твор, які будзе радаваць не толькі сучасных жыхароў горада, але і іх нашчадкаў, – адзначыў скульптар. – На адкрыццё абавязкова прыедзем усёй сям’ёй».

Урачыстае адкрыццё новай кампазіцыі пройдзе ў Дзень беларускага пісьменства, які адзначаць у Бялынічах 6 верасня.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая