RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Курсантка Магілёўскага інстытута МУС Іна Клечан пазмагаецца за званне «Студэнт года – 2019» Беларусі

Фінал рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года» адбудзецца сёння ў Мінскім гарадскім Палацы культуры. Спаборніцтва праходзіць пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

На сцэну выйдзе 10 найлепшых студэнтаў з усёй краіны – па адным пераможцу ад кожнай з абласцей і чатыры ад Мінска. Наш рэгіён будзе прадстаўляць курсантка Магілёўскага інстытута МУС Іна Клечан.

Нягледзячы на тое, што дзяўчына робіць ўражанне далікатнай паненкі, у яе велізарная сіла духу. Пагадзіцеся, тры гады жыць у казарме, калі раніцай да адзінага люстэрка выбудоўваецца чарга з дзесяці суседак, няпроста. Але фіналістка з гэтым выдатна спраўляецца і не плануе пакідаць часць і ў наступным годзе, калі можна будзе пайсці на кватэру. Іна – рознабаковая асоба, камандзір жаночага аддзялення. Любіць спевы і танцы, захапляецца валейболам. Дзяўчына – удзельнік навуковых канферэнцый, конкурсаў прамоўніцкага майстэрства і вакальнага мастацтва. Марыць дзякуючы сваёй прафесіі прыносіць карысць людзям.

Дарэчы, фіналісты сабраліся ў сталіцы за некалькі дзён да падзеі. Для іх была прадугледжана насычаная праграма – наведванне выставы ёлачных цацак і майстар-класу па іх вырабе, візіт у Нацыянальную бібліятэку, удзел у тэлешоу, студэнцкім кватэрніку «Адкрывай сябе», паход на хакейны матч з удзелам мінскага «Дынама» і інш.

Напярэдадні фіналу ў групе БРСМ у сацсетках УКантакце і ў Instagram стартавала анлайн-галасаванне, дзе ўсе жадаючыя атрымалі магчымасць прагаласаваць за канкурсантаў. Пераможцу назавуць таксама сёння. Ён стане ўладальнікам тытула «Студэнт года ONLINE».
Асноўнымі задачамі рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года» з’яўляюцца развіццё творчага патэнцыялу моладзі, удасканаленне праграм падрыхтоўкі лідараў з ліку студэнцкай моладзі, падтрымка сацыяльна значнай дзейнасці, павышэнне прэстыжу ведаў і папулярызацыя прафесій.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая