RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Лесанасенны цэнтр адкрылі ў Магілёўскім лясгасе

Гэта ўжо чацвёрты лесасемянны комплекс па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, які будуецца па праекце «Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь» за кошт сродкаў пазыкі Сусветнага банка.

– Гэта заключны знакавы аб’ект у межах рэспубліканскага праекта – тлумачыць першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Валянцін Шатраўка. – Падобныя комплексы ўжо працуюць пры Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтры ў Мінскай вобласці, на базе Івацэвіцкага і Глыбоцкага лясгасаў. Выкарыстанне тэхналогіі пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай (гэта расліны, першапачаткова выгадаваныя ў касетах з торфам) дазволіць нам падняць на новы ўзровень вядзенне лясной гаспадаркі. Перавагі ў параўнанні з метадам пасадкі сеянцаў з адкрытай каранёвай сістэмай відавочныя: больш высокая выжывальнасць да 95%. У далейшым нашым лясгасам трэба будзе адпрацаваць да дасканаласці саму тэхналогію вырошчвання пасадачнага матэрыялу.

Вытворчая магутнасць комплексу ў Магілёўскім лясгасе – каля 3,8 млн штук сеянцаў на год (хвоя, елка і лісцевыя пароды). Ён уключае лінію па высеву насення ў касеты, цяпліцы для вырошчвання сеянцаў і палямі дарошчвання з рампавым палівам.

– Штогод у лясах Магілёўскай вобласці мы высаджваем каля 35 млн штук сеянцаў, – расказвае галоўны ляснічы Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Алег Селіх. – Гэта не значыць, што цяпер мы цалкам пяройдзем на пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай, бо гэта тэхналогія дарагая. Мы будзем ацэньваць эканамічную мэтазгоднасць: эфектыўнае выкарыстанне на засушлівых участках і пры іншых крытычных умовах. Яшчэ адзін плюс: мы можам высаджваць лес з вясны па восень. Калі гаварыць аб адкрытай каранёвай сістэме, то летам высадка выключаная. Мы высаджваем хвою (50%), елку (30%), астатняе – лісцевыя пароды. У вельмі невялікіх колькасцях – лістоўніца і піхта. Наша задача – аднаўляць лес пасля высечак, пажараў, усыханняў.

Новы комплекс у Магілёўскім лясгасе пачне працу вясной наступнага года. З яго запускам будуць створаны новыя працоўныя месцы.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая