RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Лёгкаатлеты Магілёўскай вобласці занялі першае агульнакаманднае месца на чэмпіянаце Беларусі

У Магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец» завяршыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні. Спартсмены Прыдняпроўскага краю паказалі годныя вынікі, вартыя самай пільнай увагі і высокай ацэнкі з боку Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

У скарбонцы магілёўцаў – 12 залатых, 6 срэбраных, 1 бронзавая ўзнагарода. Спартсмены зарабілі 300,5 бала, тым самым забяспечыўшы сабе першае месца ў агульнакамандным заліку.

Вось яны – чэмпіёны краіны:

– Ганна Церлюкевіч (спартыўная хада). На дыстанцыі 10000 м Ганна стала не толькі чэмпіёнкай, але і рэкардсменкай краіны з вынікам 43:33.16. У спартыўнай хадзе на 5000 м спартсменка заваявала другі чэмпіёнскі тытул з вынікам 20:55.80.

– Крысціна Ціманоўская (бег). У забегу 60 м Крысціна з вынікам 7,25 заняла першае месца. У другі дзень спаборніцтваў дзяўчына на дыстанцыі 200 м таксама паказала найлепшы вынік – 23.62.

– Сяргей Платонаў (бег). У бегу на 1500 м у мужчын з вынікам 3:46.48 Сяргей стаў пераможцам чэмпіянату.

– Кацярына Карнеенка (бег). У першы дзень ва ўпартай барацьбе на фінішнай сотцы Кацярына ўтрымала лідарства і стала чэмпіёнкай краіны ў бегу на 1500 м. Другі дзень таксама прынёс дзяўчыне перамогу. У бегу на 3000 м Кацярына паказала вынік 9:24.41.

– Вячаслаў Скудны (бег, бег з перашкодамі). У першы дзень у забегу 3000 м з перашкодамі Вячаслаў выйшаў наперад з вынікам 8:36.26. У другі дзень спаборніцтваў Вячаслаў заваяваў другое чэмпіёнскае званне. У бегу на 3000 м спартсмен устанавіў асабісты рэкорд – 8:12.52.

– Таццяна Шабанава (бег з перашкодамі). Вынік чэмпіёнкі – 10:09.58.

– Уладзіслаў Булахаў (скачок у даўжыню). З шостага выхаду ў сектар атлет паляцеў на адзнаку 7.94, тым самым лідар спаборніцтваў устанавіў новы асабісты рэкорд.

Максім Несцярэнка (трайны скачок). Адна заліковая спроба на 16.15 дазволіла яму атрымаць перамогу.

Уладальнікамі сярэбраных узнагарод сталі Юлія Блізнюк (бег на 400 м), Ілья Карнавухаў (бег на 1500 м), Ганна Гарадская (скачок у вышыню), Ілья Сінкавец (бег на 60 м з бар’ерамі), Сяргей Карпаў (бег на 800 м), Таццяна Шабанава (бег на 3000 м). «Бронзу» заваявала Юлія Блізнюк (бег на 200 м).

Уладзіслаў Булахаў увайшоў у тройку найлепшых спартсменаў чэмпіянату ў мужчын. У жаночай тройцы – наша лёгкаатлетка Ганна Церлюкевіч. Магілёўскія спартсмены атрымалі з рук старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзіма Дзевятоўскага памятны шкляны прыз і грашовае ўзнагароджанне ў памеры 1000 беларускіх рублёў.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі адзначыў, што для яго меркай узроўню чэмпіянату краіны ў Магілёве стаў момант вызначэння найлепшых лёгкаатлетаў турніру.

«Я б вельмі хацеў падкрэсліць шчыльнасць і канцэнтрацыю высокіх вынікаў практычна ва ўсіх відах лёгкай атлетыкі. Гэта вельмі важна ў пераламленні на хуткі камандны чэмпіянат Еўропы ў Суперлізе ў 2021 годзе ў Мінску, дзе будзе важна паказаць высокія вынікі ў кожным з відаў. Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі ацэньвае вынікі турніру як вельмі годныя. Ёсць важкія падставы ў летнім сезоне чакаць ад беларускіх спартсменаў сур’ёзнага прагрэсу асабістых вынікаў і тэхнічнага выканання», – адзначыў Вадзім Дзевятоўскі.

Фота – Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая