RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Магатэкс» плануе выйсці на праектную магутнасць абноўленай вытворчасці да канца 2020

Выйсці на праектную магутнасць абноўленай вытворчасці ААТ «Магатэкс» плануе ў снежні бягучага года. Пра гэта расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Пётр Скачкоў.

Паводле яго слоў, рэалізацыя праекта па абнаўленні ткацкай фабрыкі прадпрыемства пачалася ў 2018 годзе. Да канца 2019-га абсталяванне ў межах праекта «Выпуск новых тканін і тканін з новымі спажывецкімі ўласцівасцямі» ўстаноўлена ў поўным аб’ёме і ўжо вядзецца яго пуска-наладка.

Для яго размяшчэння, не спыняючы вытворчасць, на працягу 2019 года дэмантавалі каля 30% ткацкіх станкоў фабрыкі старога ўзору. «Дзякуй нашым работнікам, яны разумелі сітуацыю, мірыліся з умовамі, дзякуючы чаму ўстаноўку новага абсталявання ажыццявілі ў запланаваныя тэрміны», – адзначыў Пётр Скачкоў.

Ён таксама расказаў пра тое, што рэалізацыя праекта па абнаўленні ткацкай фабрыкі дазволіць прадпрыемству павялічыць выпуск інавацыйнай прадукцыі да 38,2% у агульным аб’ёме вырабленай. Акрамя гэтага, тэхпераўзбраенне падраздзяленняў дасць магчымасць палепшыць якасць прадукцыі, значна пашырыць яе асартымент, паменшыць сабекошт і выйсці на новыя рынкі збыту.

На сённяшні дзень на новым абсталяванні адпрацоўваецца тэхнічны рэгламент, напрацоўваюцца пробныя ўзоры, якія будуць адгружаны патэнцыйным спажыўцам для апрабавання на сваім абсталяванні. На прадпрыемстве плануюць працэдуру азнаямлення ажыццявіць на працягу першага паўгоддзя, а да канца бягучага года загрузіць новыя машыны на поўную магутнасць.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая