ААТ «Магатэкс» пашырае рынак экспарту і плануе пастаўку тэкстыльнай прадукцыі ў Паўднёвую Афрыку. Пра гэта паведамілі на прадпрыемстве.
Кіраўніцтва кампаніі дамовілася аб вытворчасці спецыяльнага адзення для ваенна-паветраных сіл Замбіі. У снежні 2018 года прадпрыемства з афіцыйным візітам наведала вайсковая дэлегацыя гэтай краіны, а ўжо ў студзені гэтага года з візітам у адказ супрацоўнікі «Магатэкса» наведалі асноўную базу ВПС і рэчавага ўпраўлення Замбіі. На дадзеным этапе распрацоўваецца спецыяльны малюнак для палявога касцюма, вырабляюцца ўзоры штаноў, плашча і сігнальнай камізэлькі. На працягу сакавіка-красавіка прадстаўнікі ВПС Замбіі пратэстуюць спецыяльную вопратку беларускага вытворцы, каб ацаніць яе якасць. Пасля гэтага названыя ўзоры адправяць для зацвярджэння ў галоўнакамандуючага ВПС Замбіі.
«У нас ёсць вялікія шанцы ў рэалізацыі паставак у гэты рэгіён. Для ВПС Замбіі мы прапанавалі форменную вопратку, якая зроблена з найлепшых спецыяльных матэрыялаў: кісластойкіх, водаўпорных, вогнеахоўных, антыстатычных тканін. Экспартуючы прадукцыю на Замбійскі рынак, мы маем намер прасоўваць і пастаўляць сваю прадукцыю ў суседнія краіны: Кенію, Зімбабвэ, ПАР і іншыя», – адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства Віктар Маціевіч.
Рэспубліка Замбія – вельмі перспектыўны і аб’ёмны рынак. Тут пражывае каля 17 млн чалавек. Краіна зацікаўлена ў спецыяльнай і форменнай вопратцы і для іншых сілавых структур: Мінабароны, пажарнага ўпраўлення, паліцыі. «Зараз мы актыўна працуем над дыверсіфікацыяй рынкаў збыту, і выхад на афрыканскі рынак таму пацверджанне. На сённяшні дзень экспарт тканін у агульным аб’ёме рэалізацыі кампаніі складае 84%. Наша прадукцыя экспартуецца ў 15 краін свету», – падкрэсліў Віктар Маціевіч.
Прадпрыемства заснавана ў 1973 годзе, акцыянавана ў 2000-м. З’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў тэкстыльнай прадукцыі ў Беларусі і краінах СНД. Выпускае тканіны для спецыяльнага і форменнага адзення, плашчавыя, падкладачныя, дэкаратыўныя, трыкатажныя, гатовую спецвопратку і вырабы хатняга тэкстылю. Увесь тэкстыль распрацоўваецца і тэстуецца ва ўласнай лабараторыі.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
17.04.2025 - 09:05
14.04.2025 - 11:50
Змяненні ў пенсійным забеспячэнні для некаторых катэгорый грамадзян уступяць у сілу з 1 мая