RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць і кітайская правінцыя Шэньсі плануюць падпісаць у 2020 годзе дагавор аб устанаўленні пабрацімскіх адносін

Магілёўская вобласць і кітайская правінцыя Шэньсі плануюць падпісаць у 2020 годзе дагавор аб устанаўленні пабрацімскіх адносін. Такі намер агучыла сёння начальнік аддзела сувязі Народнай асацыяцыі дружбы з замежнымі краінамі правінцыі Шэньсі Лю Супін падчас сустрэчы са старшынёй камітэта эканомікі аблвыканкама Дзмітрыем Мудрагелавым.

Праект дакумента ўжо гатовы і кітайскі бок перадаў яго магілёўскім калегам для разгляду і ўнясення паправак. Мяркуецца, што афіцыйнае падпісанне пагаднення адбудзецца вясной 2020 года. Урачыстую цырымонію плануюць прымеркаваць да візіту ў Магілёўскую вобласць сакратара парткама правінцыі Шэньсі Ху Хэпіна. 

 

Нагадаем: у лістападзе 2018 года афіцыйная дэлегацыя Прыдняпроўскага краю знаходзілася з дзелавым візітам у Кітаі. Прадстаўнікі нашай вобласці прынялі ўдзел у мерапрыемствах 25-ай ЭКСПА высокіх дасягненняў у сельскай гаспадарцы, якая праходзіла ў горадзе Янлін (правінцыя Шэньсі). Адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам названага рэгіёна, быў падпісаны пратакол аб намерах па развіцці пабрацімскіх адносін паміж Магілёўскім аблвыканкамам і Народным урадам правінцыі Шэньсі. А ў красавіку 2019 года камітэт эканомікі Магілёўскага аблвыканкама і Дэпартамент камерцыі кітайскай правінцыі Шэньсі зацвердзілі пагадненне аб намерах па садзейнічанні эканамічнаму развіццю і дружалюбнаму супрацоўніцтву тэрмінам на два гады. 

Варта дадаць, што падчас візіту Ху Хэпіна ў наш рэгіён таксама маецца намер правесці форум рэгіёнаў Шэньсі і Магілёўскай вобласці, свята нацыянальнай кухні ўказанай правінцыі.

Лю Супін таксама выказала зацікаўленасць у арганізацыі моўных курсаў для кітайскіх чыноўнікаў. «Практыка наладжвання супрацоўніцтва паказвае, што кіраўнікам нашых ведамстваў у большасці выпадкаў недастаткова наяўнага ўзроўню валодання рускай мовай. Мы былі б рады супрацоўніцтву ў гэтым кірунку і гатовы навучаць кітайскай вашых спецыялістаў», – падкрэсліла госця. Станоўчы вопыт у сяброў з Паднябеснай ужо ёсць: у правінцыі ўстаноўлены пабрацімскія сувязі з Антверпенам, таму на працягу 20 гадоў жыхары Шэньсі асвойваюць афіцыйныя мовы, на якіх гавораць бельгійцы.

У працэсе гутаркі Лю Супін цікавілася стандартамі прыёму замежных дэлегацый у Магілёўскай вобласці, інфармацыяй аб буйных мерапрыемствах, якія пройдуць у нашым рэгіёне ў 2020 годзе. Яна таксама расказала аб дзейнасці і функцыях, якія выконвае Народная асацыяцыя дружбы з замежнымі краінамі правінцыі Шэньсі, і выказала зацікаўленасць у наладжванні супрацоўніцтва ў сферы медыцыны (у тым ліку кітайскай традыцыйнай) і сельскай гаспадарцы.

Дэлегацыя правінцыі Шэньсі знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці з двухдзённым візітам. У ліку гасцей – намеснік начальніка аддзела сяброўскіх абменаў Народнай асацыяцыі дружбы з замежнымі краінамі правінцыі Шэньсі Лян Фэн, намеснік начальніка канцылярыі аддзела прапаганды парткама Шэньсі Люй Янь, намеснік начальніка аддзела кадраў Дэпартамента адукацыі правінцыі Шэньсі Лі Нін. Праграмай паездкі запланавана наведванне БРУ, МДУ імя А. А. Куляшова, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава, участка № 4 СЭЗ «Магілёў».

  

   

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая