RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць заняла трэцяе агульнакаманднае месца на рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў

Магілёўская вобласць заняла трэцяе агульнакаманднае месца на XIV рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў – 2019. Пераможцам першынства стала каманда Мінска. Сярэбраныя ўзнагароды паехалі ў Гродзенскую вобласць, паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама.

Па словах суразмоўцаў, спаборніцтвы дзеляцца на дзве часткі. Учора вызначыліся лідары Рэспубліканскай спартакіяды па летніх відах спорту. На першую прыступку п’едэстала паднялася каманда Гродзенскай вобласці. На другой пазіцыі размясціліся спартсмены горада Мінска, трэцяй – Гомельшчыны. Зборная Магілёўскай вобласці спынілася за крок ад прызавой тройкі, заваяваўшы крыўдныя драўляныя медалі.

«Разам з тым, у скарбонку Прыдняпроўскага краю лягло нямала ўзнагарод, – адзначылі суразмоўцы. – Так, нашы дзяўчаты і юнакі сталі найлепшымі па выніках выступленняў у вольнай барацьбе і дзюдо. Серабро дасталася ў спартыўнай гімнастыцы, плаванні, скачках на батуце, цяжкай атлетыцы і шахматах. Бронзавыя кругляшы заваявалі ў такіх відах, як баскетбол, бокс, веласіпедны спорт, мастацкая гімнастыка, лёгкая атлетыка, настольны тэніс, футбол (сярод каманд дзяўчат)».

Па зімовых відах спорту камандзе Магілёўскай вобласці не было роўных. Уладальнікамі срэбра сталі мінчане, а бронзы – спартсмены Віцебскай вобласці.

Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў – 2019 праходзіла на спартыўных аб’ектах Магілёва, Маладзечна, Чэрвеня, Салігорска, Барысава, Жодзіна, Слуцка, Вілейкі, Гомеля і Гродна. Спаборніцтвы ўключалі 21 летні від спорту і тры зімовыя. Акрамя спаборніцтваў, юніёры прынялі ўдзел у культурна-пазнавальнай праграме і ў вольны час пазнаёміліся з галоўнымі славутасцямі гарадоў, якія прымалі спартакіяду.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая