RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі «Дамачай» плануе ўсталяваць лінію па вытворчасці снэкавай групы вырабаў

ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”» плануе ўсталяваць аўтаматызаваную лінію па вытворчасці снэкавай групы вырабаў (брэцаляў, колцаў, саломкі, міні-сушак). Пра гэта паведаміла сёння генеральны дырэктар прадпрыемства Наталля Падлесных падчас сустрэчы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца з рабочым калектывам завода.

Паводле слоў суразмоўніцы, ужо праведзены тэндар. Пры ўмове своечасовага выдзялення крэдытных сродкаў, лінія будзе зманціравана і пачне працаваць да канца 2020 – пачатку 2021 года.

«На прадпрыемстве функцыянуе тэхналагічная лінія для вытворчасці снэкаў па-італьянску, – адзначыла Наталля Падлесных. – Аднак сярод спажыўцоў ёсць значная цікавасць да класічных рэцэптур». Новая лінія дазволіць пашырыць асартымент выпускаемай на прадпрыемстве прадукцыі і павялічыць экспартны складнік.

Сёння «Дамачай» у асноўным арыентуецца на ўнутраны рынак. На продаж за межы краіны адпраўляецца 5-6 % прадукцыі. Аднак прадпрыемства пастаянна шукае новыя рынкі збыту. У ліку краін, якія імпартуюць нашу прадукцыю, ёсць Германія, Ізраіль, Туркменістан, Панама, Амерыка. І ўсё ж больш за ўсё паставак ідзе ў Расію.

«Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”» сёння працуе стабільна. Тут налічваецца 1792 спецыялістаў, якія своечасова атрымліваюць заработную плату, забяспечаны сацыяльным пакетам і дадатковым медыцынскім страхаваннем. Па выніках першага паўгоддзя прадпрыемства выканала ўсе даведзеныя паказчыкі, за выключэннем экспарту прадукцыі. Аднак да канца года, запэўніла Наталля Падлесных, і гэты параметр дасягне ўстаноўленага.

 

Кампанія актыўна развівае фірмовую сетку. Адкрыты вялікі магазін у Мінску. Неўзабаве прыме наведвальнікаў новы – у раёне гарвыканкама. Тут можна будзе прадэгуставаць прадукцыю «Дамачая» ў кафэ, а затым набыць упадабаныя пазіцыі ў магазіне.

Асаблівая ўвага надаецца прамысловаму турызму як магчымасці рэкламаваць прадукцыю. Летась на прадпрыемстве пабывала 4,5 тыс. чалавек. Гэта не толькі дзеці і студэнты. Цікавяцца выбудоўваннем супрацоўніцтва з «Дамачаем» турфірмы.

Гаворачы аб прадукцыі магілёўскага прадпрыемства, Леанід Заяц заўважыў, што яна папулярная і ўжо даўно знайшла свайго спажыўца, а многія заводы, якія працуюць у гэтай галіне, раўняюцца на «Дамачай». «Аднак дасканаласці няма мяжы. Сучасныя рэаліі такія, што спыніцца нельга ні на хвіліну. Трэба ўкараняць новыя тэхналогіі, распрацоўваць цікавыя рэцэптуры, якія б падымалі якасць прадукцыі на новы ўзровень», – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Леанід Заяц сёння ў межах адзінага дня інфармавання наведаў ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”». Кіраўнік рэгіёна азнаёміўся з вытворчым працэсам і навінкамі прадукцыі, выпускаемай прадпрыемствам. На сустрэчы з працоўным калектывам завода губернатар расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Прыдняпроўскага краю, а таксама адказаў на пытанні прысутных спецыялістаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая