RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі мясакамбінат за студзень –май павялічыў экспарт у Кітай у 9 разоў

Магілёўскі мясакамбінат за студзень-май гэтага года адгрузіў у Кітай прадукцыі на $ 1,2 млн, што ў 9 разоў больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта паведаміў сёння выканальнік абавязкаў дырэктара прадпрыемства Алег Касянкоў падчас сустрэчы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца з рабочым калектывам камбіната.

Паводле слоў кіраўніка прадпрыемства, у сувязі з тым, што расійскі рынак па ўказанні Рассельгаснагляду пакуль для камбіната зачынены, Кітай з’яўляецца для Магілёўскага вытворцы прыярытэтным кірункам экспарту мясной прадукцыі. «Мы працуем па перадаплаце, нас задавальняе кошт, а іх – якасць нашай прадукцыі, – адзначыў выканальнік абавязкаў дырэктара. – На сённяшні дзень заключаны кантракты з 12 кітайскімі кампаніямі. Пры гэтым кожны месяц мы нарошчваем пастаўкі мясной прадукцыі ў Кітай і да канца года маем намер перакрыць існуючы раней аб’ём экспарту ў Расію. Калі на сённяшні дзень у агульным аб’ёме рэалізацыі на долю Кітая прыпадае каля 20%, то да канца года будзе ўжо 60%».

У найбліжэйшы час прадпрыемства плануе закупіць і ўсталяваць на вытворчасці дзве вакуумныя ўстаноўкі, каб павялічыць аб’ёмы фасаванай прадукцыі згодна з патрабаваннямі кітайскіх партнёраў. Да таго ж, вядзецца пошук сыравіны ў іншых рэгіёнах Беларусі і за межамі краіны для павелічэння выпуску мясных вырабаў. «Мы таксама з мэтай дыверсіфікацыі рынкаў збыту актыўна прапрацоўваем пытанні паставак сваёй прадукцыі ў Турцыю і Сірыю», – дадаў Алег Касянкоў.

На думку губернатара, прадпрыемству трэба яшчэ больш актыўна прасоўваць свае вырабы на кітайскі рынак і максімальна на ім замацавацца. Для гэтага неабходна выпускаць якасную і канкурэнтаздольную прадукцыю, пастаянна працаваць над пашырэннем асартыменту. «Рынак Кітая велізарны і здольны паглынуць усе мясныя вырабы, якія выпускаюцца ў Магілёве, а гэта павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, экспарту, прадукцыйнасці працы і, у канчатковым выніку, заработнай платы. Гэта рабочы калектыў павінен разумець і рабіць усё для таго, каб працаваць эфектыўна. Ад укладу кожнага на сваім працоўным месцы будзе залежаць будучыня прадпрыемства, дабрабыт яго работнікаў», – лічыць Леанід Заяц.

Паводле яго слоў, кіраўніцтву мясакамбіната трэба таксама надаваць прыярытэтную ўвагу і развіццю сыравіннай зоны, прыцягваць сюды уласныя і знешнія рэсурсы, што ў перспектыве дасць магчымасць максімальна загрузіць наяўныя вытворчыя магутнасці. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць зніжэння існуючых выдаткаў, рацыянальнага выкарыстання наяўных рэсурсаў і павелічэння прадукцыйнасці працы.

Тэкст – БЕЛТА

Фота - уласныя

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая