RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Моладзевы цягнік «#Беларусь. Моладзь. Натхненне» заедзе 19 ліпеня ў Шклоў і Магілёў

З Віцебска 18 ліпеня стартуе рэспубліканскі моладзевы цягнік «#Беларусь. Моладзь. Натхненне». Праект Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай чыгункі аб’яднае больш за 80 хлопцаў і дзяўчат ад 18 да 31 года з розных рэгіёнаў –таленавітых навучэнцаў, студэнтаў, маладых навукоўцаў, спартсменаў, працоўную і сельскую моладзь, удзельнікаў студатрадаўскага руху, валанцёраў, блогераў.

Праграма новага моладзевага праекта вельмі насычаная. Стартуе яна на Дні моладзі падчас «Славянскага базару ў Віцебску»: дэлегацыя прыме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю #YouthDays2020, адкрытым дыялогу «Беларусь: учора, сёння, заўтра», рэспубліканскім турніры па гіравым спорце, фестывалі кавераў, начным парадзе. А ў 23.00 чыгуначны састаў, аформлены сімволікай праекта, адправіцца ў шлях.

За тыдзень каманда наведае ўсе абласныя гарады і некалькі раённых цэнтраў па маршруце Віцебск–Шклоў–Магілёў–Гомель–Пінск–Брэст–Гродна–Маладзечна–Мінск. У кожным з іх запланаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам аблвыканкамаў і райвыканкамаў, адкрытыя дыялогі з кіраўнікамі арганізацый, дэпутатамі, лідарамі грамадскіх арганізацый, наведванне мемарыяльных комплексаў і знакавых аб’ектаў. У год 75-годдзя Вялікай Перамогі ўдзельнікі праекта аддадуць даніну памяці героям у мемарыяльных комплексах і ўскладуць кветкі да манументаў. Таксама моладзь паўдзельнічае ў дабрачынных і працоўных акцыях, лідарскіх трэнінгах, майстар-класах, музычна-патрыятычных канцэртах і спартыўных спаборніцтвах.

Так, на станцыі «Шклоў» цягнік сустрэне моладзевы флэшмоб «Падзяліся натхненнем з намі!». Пасля запланавана аўтобусная экскурсія па горадзе, наведванне Александрыйскай сярэдняй школы і комплексу «Трафімава крыніца».

Знаёмства з Магілёвам пачнецца ў МДУ імя А. А. Куляшова. Тут пройдзе сустрэча з намеснікам старшыні абласнога выканаўчага камітэта Валерыем Малашкам, ветэранамі камсамола. Хлопцы і дзяўчаты ўскладуць кветкі да капліцы на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле», а далей паўдзельнічаюць у працы трох моладзевых пляцовак: «Перамога, здабытая адзінствам»(разгорнецца на базе Магілёўскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага), «Здароўе –гэта выдатна!» (Магілёўскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і) «Маладосць. Актыўнасць. Поспех» (абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях). Увечары маладыя людзі наведаюць спартыўныя аб’екты, а на плошчы каля ТЗЦ «Атрыум» іх чакае творчая праграма «РаЗАм!».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая