Урачыстае адкрыццё музычнага фестывалю «Вялікая бард рыбалка» пройдзе сёння вечарам на беразе Чыгірынскага вадасховішча. Госці на папулярны фестываль пачалі з’язджацца яшчэ ў чацвер: штогод Быхаўскі раён прымае тысячы прыхільнікаў аўтарскай песні, рыбаловаў-спартсменаў, аматараў лазні і свежага паветра. У пасёлак Грудзічына прыбываюць зорныя аўтары-выканаўцы (у гэтым годзе ў ролі «цвікоў» праграмы – Міхаіл Башакоў, «спявак Жванецкі» Цімур Шааў і ўдзельнікі праекта «Песні нашага стагоддзя»), фітатэрапеўты і майстры-лазняншчыкі з некалькіх краін, повары, якія жадаюць паказаць сваё мастацтва, і рыбакі, якія ўжо прымерваюцца да вудаў і ацэньваюць перспектывы будучага ўлову.
«Вялікая бард рыбалка» пройдзе з 26 па 28 ліпеня. За гады існавання тут пабывала больш за 15 тысяч гледачоў. Арганізатары і ў гэтым годзе чакаюць наплыву гасцей.
«Сцэна зманціравана, усе службы працуюць, артысты з’язджаюцца (большая частка прыбыла ў чацвер), дажджу няма, возера сонечна блішчыць, – бадзёра рапартуе прадзюсер фестывалю Леанід Дзінерштэйн. – У лясных лагерах ужо поўна народу, ставяцца палаткі, разгортваюцца мабільныя лазні для аздараўленчага свята «Лазенькі-2019». Ужо прыехалі найлепшыя майстры па плове і юшцы. Самае галоўнае – нам абяцаюць сонечныя выхадныя і цяпло. У лесе поўна грыбоў, а ў возеры плёскаецца рыба. Усім раім выбрацца з горада і ехаць да нас!».
Фестывальная праграма адрозніваецца разнастайнасцю, кожны год у яе ўносяцца новыя пункты: ад вечароў шансона да турніру па пляжным валейболе, ад кулінарных батлаў да паэтычных майстэрняў. Пройдзе і конкурс прыгажосці «Каралева бард-рыбалкі», у якім удзельніцы і госці фестывалю змогуць чарговы раз пазмагацца за званне найпрыгажэйшай з русалак. Падрыхтавацца да эфектных дэфіле і іншых выпрабаванняў ім дапаможа легендарная тэлевядучая і трэнер па аэробіцы Наталля Наважылава.
Ноччу гасцей фестывалю чакае спецыяльная праграма на новай пляцоўцы «Адэскі дворык». Калі днём вяршэнстваваць тут будзе шэф-повар і тэлевядучы Барыс Бурда, то пасля заходу эстафету прыме папулярны творчы праект «Дыяфільм live». Прагляд пачнецца апоўначы, як толькі на вялікай сцэне завершыцца юбілейны канцэрт-адкрыццё. Героі дыяфільмаў загавораць галасамі акцёраў Алены Гіронак, Наталлі Ляванавай, Аляксандра Яфрэмава і Антона Макухі. Завершыць начную праграму першага фестывальнага дня рэтрадыскатэка з народнай артысткай Расіі Людмілай Татаравай.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 09:25
Магілёўская вобласць па выніках работы за 2024 год будзе занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11