RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На прыватным Крычаўскім прадпрыемстве ўсе 185 работнікаў – члены прафсаюза

У СТАА «ЦСП БЗС», якое вырабляе цэментава-стружкавыя пліты, з падачы прафсаюзнай пярвічкі пунктаў калектыўнага дагавора нядаўна стала больш, а сацпакет значна пацяжэў. На думку кіраўніцтва прадпрыемства, прафсаюзная ячэйка тут – надзейны партнёр і эфектыўны памочнік ў вырашэнні праблем работнікаў.

Кабінет прафкама завода застаўлены скрынкамі з навагоднімі падарункамі. Старшыня пярвічкі Ірына Шылава тлумачыць:

– Закупілі загадзя –атрымалі добрую зніжку, эканомім. Хочам арганізаваць ёлку ў сябе на заводзе, сабралі патрэбную суму на калядную экскурсію ў Піцер, але ў планы ўмяшалася пандэмія. Дарэчы, яшчэ падчас яе першай хвалі выплачвалі дапамогу па 30 рублёў кожнаму работніку на закупку сродкаў індывідуальнай абароны. А на вытворчасці імі ўсе і так забяспечаны. Калі спатрэбіцца, то ў нас прадугледжана павелічэнне артыкула выдаткаў на аказанне матдапамогі: зараз можам вылучаць на гэтыя мэты 20 працэнтаў з прафсаюзнай касы, а ў выпадку пагаршэння эпідэмічнай сітуацыі – да 50. У гэтым і ёсць сутнасць прафсаюза: кожны работнік павінен ведаць, што, калі здарыцца цяжкая жыццёвая сітуацыя, ён не застанецца з ёй сам-насам.

Завод нядаўна адзначыў пяцігоддзе. Па выніках мінулага года стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу сярод прадпрыемстваў сярэдняга і малога бізнесу ў намінацыі «Экспарцёр»: 90 працэнтаў прадукцыі пастаўляе ў 16 краін свету.

– З пункту гледжання кіравання прафсаюз палягчае маю працу: не трэба адцягвацца на развязанне сацыяльных пытанняў,– расказвае дырэктар арганізацыі Юрый Ларын. – Прафкам аказвае дапамогу па ахове працы, згуртаванні працоўнага калектыву. На мой погляд, на прадпрыемствах з колькасцю ад 50 работнікаў прафсаюз неабходны. У нас да 70 працэнтаў калектыву–былыя работнікі «Крычаўцэментнашыфера», якія добра ведалі, што такое бонусы ад прафсаюза. Я не магу звольніць чалавека без узгаднення з прафсаюзам, але пакуль такой сітуацыі не ўзнікала: людзі трымаюцца стабільнай працы і годнага заробку.

У месяц прафсаюзная каса вырастае на 1800 рублёў – гэта ўнёскі работнікаў, адзін працэнт ад заробку. Плюс двойчы ў год наймальнік ўносіць свой уклад – 1,5 працэнта ад фонду зарплаты. Напярэдадні прафкам прапанаваў наймальніку пашырыць пералік выплат па калектыўным дагаворы і павялічыць іх памер. Падлічылі –прыбытак дазваляе. У выніку з’явіліся выплаты да адпачынку на аздараўленне, на куплю гародніны, да Дня маці, павелічэнне ад аднаго да трох дзён аплачанага адпачынку пры нараджэнні дзіцяці, вяселля і не толькі.

– Ніхто не можа прымусіць чалавека ўступіць у прафсаюз – гэта яго рашэнне, – тлумачыць Ірына Шылава. – Але ў работніка павінна быць магчымасць абараняць свае правы ў адносінах з наймальнікам і заключаць калектыўны дагавор, дзе гэтыя правы і сацыяльныя гарантыі прапісаныя. А па заканадаўстве зрабіць гэта можна толькі пры наяўнасці прафсаюза. Калі спатрэбіцца, мы станем абараняць правы работніка ў выпадку яго незаконнага звальнення, непадаўжэння кантракту, вытворчай траўмы. На шчасце, пакуль прэцэдэнты не здараліся: сучаснае прадпрыемства, ахова працы на ўзроўні.

Падчас абедзеннага перапынку за тэнісным сталом каля прахадной разыгрываюцца сапраўдныя баталіі. Рабочыя самі папрасілі прафкам закупіць гэты спартыўны інвентар. Інжынер-энергетык Андрэй Маткоў – адказны за спорт:

– Зараз складаю спіс жадаючых атрымаць бясплатны абанемент для заняткаў у спартзале або басейне. У ім ужо 25 чалавек. Калі казаць аб так званых плюшках ад членства ў прафсаюзе, то ў маім выпадку – гэта матэрыяльная дапамога да вяселля, нараджэння дзіцяці.

Але разглядаць прафсаюзы выключна з меркантыльнага боку – няправільна. Ёсць яшчэ такія паняцці, як карпаратыўны дух і каманда.

ДАРЭЧЫ

Больш за 60 працэнтаў створаных сёлета ў рэгіёне прафсаюзных пярвічак у Магілёўскай вобласці прыпадае на арганізацыі прыватнай формы ўласнасці. Усяго ў рэгіёне на пачатак 2020 года зарэгістравана амаль 2800 першасных прафсаюзных арганізацый (на дзяржпрадпрыемствах – 1860, на прыватных –932), якія аб’ядналі ў сваіх радах звыш 366 000 членаў прафсаюза, або 96,6 працэнта работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая