RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў наведаў Магілёўскі домабудаўнічы камбінат

У Беларусі трэба забяспечыць максімальную загрузку домабудаўнічых камбінатаў, гэта дазволіць ім працаваць стабільна і зарабляць сродкі для ўласнага развіцця. Пра гэта сёння заявіў пасля знаёмства з работай ААТ «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат» намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў.

«На домабудаўнічыя камбінаты ў цэлым па краіне мы ўскладаем вялікія надзеі. На сённяшні дзень усе прадпрыемствы мадэрнізаваны. Большасць з іх мае высокі працэнт загрузкі, і мы будзем рабіць усё неабходнае, каб максімальна загрузіць іх магутнасці. Гэта дазволіць ім значна палепшыць фінансавае становішча, дасць магчымасць павялічыць колькасць недарагога жылля для грамадзян, якое ўводзіцца ў эксплуатацыю, укладваць сродкі ва ўласнае развіццё», – сказаў віцэ-прэм’ер.

Ацэньваючы перспектывы развіцця Магілёўскага домабудаўнічага камбіната, Уладзімір Кухараў адзначыў, што прадпрыемства выпускае якасную прадукцыю, якая дазваляе будаваць недарагое энергаэфектыўнае жыллё. «У найбліжэйшы час мы распачнём канкрэтныя дзеянні па загрузцы наяўных магутнасцяў, каб камбінат мог будаваць жыллё не толькі ў абласным цэнтры, але і іншых раёнах вобласці. Гэта жыллё па спажывецкіх якасцях значна перавышае аналагі і даступна для нашых грамадзян», – сказаў Уладзімір Кухараў.

Паводле слоў дырэктара Магілёўскага домабудаўнічага камбіната Лявона Аракеляна, за два месяцы бягучага года прадпрыемства ўжо выйшла на загрузку 95% праектных магутнасцяў і да канца года плануе цалкам загрузіць вытворчасць. У 2019 годзе камбінат плануе пабудаваць 68 тыс. кв. м жылля, а тэмп росту да папярэдняга года павінен скласці 107-108%.

Магілёўскі домабудаўнічы камбінат заснаваны ў 1971 годзе. На прадпрыемстве ў 2009 годзе завершана комплексная мадэрнізацыя вытворчасці, што дазволіла асвоіць тэхналогію ўзвядзення шырокакарпусных жылых дамоў з новымі канструкцыйнымі рашэннямі каркаса і павялічыць аб’ёмы выпуску. Прадпрыемства ў сілах выканаць будаўнічы заказ рознай ступені складанасці. Асноўным відам прадукцыі з’яўляюцца шматпавярховыя індустрыяльныя хуткаўзведзеныя жылыя дамы розных серый ККД, а таксама зборныя жалезабетонныя і бетонныя канструкцыі і вырабы ўласнай вытворчасці.

Тэкст - БЕЛТА

Фотаздымкі - mogilevnews.by
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая