RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Найлепшым урачом Магілёўскай вобласці стаў хірург з Глуска Уладзімір Цісіневіч

Па выніках конкурсу «СуперДоктар–2018» найлепшым урачом Магілёўскай вобласці прызнаны хірург з Глуска Уладзімір Цісіневіч.

Спаборніцтва праводзілася ў Беларусі другі раз. Яго арганізатарамі выступілі грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя ўрачоаў» і анлайн-супольнасць урачоў Doctors Club.

На адрас медыцынскіх работнікаў краіны паступілі тысячы падзяк ад пацыентаў. Водгукі можна было пакідаць на сайце www.superdoctor.by, а таксама дасылаць на пошту. Як адзначылі арганізатары, урачам прысвячалі вершы і пісалі іх партрэты. Усяго на конкурс «СуперДоктар-2018» было намінавана 668 кандыдатур.

У выніку найлепшым урачом краіны стаў акушэр-гінеколаг з Пінска (Брэсцкая вобласць) Аляксандр Лемяшэўскі. Акрамя таго, былі вызначаны лідары ў кожным рэгіёне Беларусі. У Магілёўскай вобласці – гэта Уладзімір Цісіневіч. Пра яго было даслана 139 водгукаў.

Пераможцы будуць узнагароджаны 25 студзеня ў Мінску.

Ахову здароўя Глускага раёна цяжка ўявіць без ветэрана працы – хірурга Уладзіміра Цісіневіча. Гэта ўрач I катэгорыі і ганаровы грамадзянін Глуска. У 1994 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага інстытута ў 1971 годзе Уладзімір Цісіневіч прыступіў да працы ў Глускай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе працуе дагэтуль. За гэты час ён быў простым хірургам, загадчыкам хірургічнага аддзялення, раённым хірургам. Спецыяліст заўсёды карыстаўся павагай калег і пацыентаў, дзякуючы галоўнай сваёй якасці, якая павінна быць ва ўсіх урачоў, – чалавекалюбству.

Фота - glusk.by 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая