Рус Бел Eng 中文

Прадстаўнікі літоўскага бізнесу маюць намер інвеставаць у развіццё наяўных у Магілёўскай вобласці вытворчасцей

Магілёў з аднадзённым візітам наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас. Дыпламат пабываў на ЗТАА «ВМГ Індустры», адкрыў фотавыставу літоўскага фатографа Антанаса Суткуса ў мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, а таксама сустрэўся са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам.

Падчас дыялогу кіраўнік Прыдняпроўскага краю падкрэсліў, што Беларусь і Літва даўно развіваюць сумесны бізнес, чаму спрыяе агульная мяжа. Што ж тычыцца Магілёўскай вобласці, то краіна-суседка традыцыйна ўваходзіць у лік асноўных знешнегандлёвых партнёраў. Удзельная вага Літвы ў таваразвароце нашага рэгіёна з краінамі па-за СНД у студзені-сакавіку 2019 года склала 9,9% ($23,6 млн.) і павялічылася на 3,6% да ўзроўню мінулага года. Пры гэтым экспарт вырас на 15% да $ 18,3 млн. , а імпарт паменшыўся на 22,5% да $ 5,4 млн. Сальда склалася станоўчае для вобласці на ўзроўні $ 12,9 млн. У Літву пастаўляліся нашы шыны і покрыўкі, медзь і яе сплавы, мэбля, лесаматэрыялы, цэмент, драўняна-стружкавыя пліты, трубы і інш. У сваю чаргу ў Магілёўскую вобласць завозіліся мэбля, тара з паперы і кардону, машыны і прылады для пад’ёму, гатовыя клеі, адходы і скрап гумы, электрычная апаратура.

Сёння на тэрыторыі рэгіёна дзейнічае 40 арганізацый з літоўскім капіталам, а Літва ўваходзіць у дзясятку краін, якія актыўна інвестуюць у эканоміку Магілёўшчыны. За апошнія пяць гадоў аб’ём дадзеных фінансавых уліванняў склаў амаль $ 120 млн. «Калі ў літоўскіх бізнесменаў ёсць праблемныя моманты, з якімі яны сутыкаюцца пры выбудоўванні сваёй працы ў нас, мы гатовыя неадкладна іх разгледзець, паколькі зацікаўлены ва ўмацаванні ўзаемаадносін», – сказаў Леанід Заяц.

Кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу пасла на значны для Клімавіцкага раёна праект – будаўніцтва комплексу па вытворчасці і перапрацоўцы мяса індычкі. Літоўскі інвестар зарэгістраваў ТАА «КЛІМАРВІ», быў падпісаны дагавор па рэалізацыі інвестпраекта, выдзелены зямельныя плошчы і падведзены інжынерныя сеткі, закладзена памятная капсула на месцы, дзе плануецца ўзвесці птушкафабрыку. Аднак цяпер неабходна надаць імпульс далейшай рэалізацыі задуманага, сустрэцца з заснавальнікам, абмеркаваць наяўныя перашкоды і цяжкасці, шляхі іх вырашэння, адзначыў Леанід Заяц.      

У сваю чаргу Андрус Пулокас падкрэсліў, што літоўскія дэлегацыі прыязджаюць у нашу вобласць ужо не як госці, а як да добрых сяброў. «Заўсёды знаходзім разуменне і канструктыўнасць, – канстатаваў дыпламат. – Не сакрэт: з усіх рэгіёнаў Беларусі менавіта на Магілёўшчыне адчуваем сябе найлепшым чынам, а вынікі гавораць самі за сябе і служаць прыкладам для ўсяго літоўскага бізнесу. Дзеючыя тут вытворчасці – гэта флагман, практычная дэманстрацыя таго, як выразна выбудавана праца ўсіх структур, як можна правільна і хутка прасоўвацца ў інвеставанні, выбудоўваць супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі». 

Доказам паспяховасці літоўскіх прадпрыемстваў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, на думку пасла, з’яўляюцца не столькі новыя праекты, колькі жаданне бізнесменаў працягваць інвеставанне ў іх развіццё. Так, на ўказаныя мэты ў бягучым годзе ЗТАА «ВМГ Індустры» плануе накіраваць больш за 10 млн. еўра. Значныя інвестыцыі ў перспектыве чакаюць вытворчасць прэміксаў і бялкова вітамінна-мінеральных дабавак для ўсіх відаў сельскагаспадарчых жывёл і птушкі ЗТАА «Белфідагра» ў Асіповіцкім раёне.

Гаворачы аб новых кірунках супрацоўніцтва, Андрус Пулокас заўважыў, што некаторыя літоўскія прадпрыемствы імпартуюць у Беларусь спецыфічныя прадукты, якім пакуль няма аналагаў, а значыць, і канкурэнцыі ў нашай краіне. Гэта, у прыватнасці, вядомы літоўскі сыр «Джугас». І пастаўшчыкі зацікаўлены ў пашырэнні партнёрства. Таму можна распрацаваць шляхі мэтанакіраванага абмену прадукцыяй: гандлёвыя сеткі краіны-суседкі будуць прадаваць пэўныя беларускія тавары, а магілёўскія гандлёвыя сеткі – літоўскія тавары.

Паколькі ў горадзе на Дняпры ёсць аэрапорт, перспектыўнай тэмай для выбудоўвання супрацоўніцтва могуць стаць авіязносіны, адзначыў Андрус Пулокас. Тым больш што ў мінулым годзе тэрыторыю аэрапорта ўключылі ў межы СЭЗ «Магілёў» і з’явілася магчымасць стварэння тут лагістычнага цэнтра з разгрузкай/загрузкай бартоў.

«Мы стараемся, каб не толькі бізнес прадстаўляў Літву, – заўважыў пасол. – Нашы людзі ўмеюць добра працаваць і паспяхова займаюцца творчасцю. Важна, каб культурны складнік гарманічна дапаўняў эканамічны, а народы дзвюх краін пастаянна даведваліся штосьці новае адна пра адну». Дарэчы, Магілёў і літоўская Клайпеда ўжо больш за 20 гадоў з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі, таму ўзаемны абмен творчымі дэлегацыямі, правядзенне мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў дзвюх краін стала ўжо традыцыяй.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая