RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прэм’еру спектакля «Купанне з акуламі» рыхтуе Магілёўскі абласны драматычны тэатр

Прэм’ера спектакля «Купанне з акуламі» адбудзецца 20 і 26 красавіка на малой сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў адміністрацыі ўстановы культуры.

Драму ў двух дзеяннях па п’есе Дона Нігра «Марскі пейзаж з акуламі і танцоркай» рыхтуе рэжысёр Уладзімір Пятровіч.

«Наш спектакль пра каханне. Жорсткае, падобнае на паядынак, смяротную сутычку, на заплыў у адкрытым моры з акуламі, – заўважылі суразмоўцы. – Ён таксама аб барацьбе паміж двума чалавечымі страхамі: жахам адзіноты і бояззю адкрыцца іншаму. А яшчэ – аб адказнасці за тых, каго мы прыручылі. Гісторыя пра нас саміх, нашым жыцці і няпростых адносінах з тымі, хто нам дарагі».

У анатацыі да спектакля гаворыцца, што ён і яна – байцы на рынгу. Кожны імкнецца не паказаць іншаму сваю слабасць, няўпэўненасць, страх. Схаваць уразлівыя месцы – інакш бітва будзе прайграна. Яны асцярожна збліжаюцца, кружаць на арэне жыцця ў мудрагелістым танцы. Наносяць адзін аднаму жорсткія ўдары прама ў сэрца. Душэўныя раны нябачныя, але вельмі хваравітыя. Гэты пяшчотны боль пазбаўляе розуму. Колькі яшчэ яны пратрымаюцца на арэне? І хто выйдзе пераможцам?

Дон Нігра – амерыканскі драматург з сусветным імем. Яго п’есы больш за сорак гадоў ідуць на самых лепшых тэатральных пляцоўках. «Марскі пейзаж з акуламі і танцоркай» – першая завершаная праца 23-гадовага драматурга, якая ўбачыла сцэну (у 1974 годзе). Ён атрымаў заданне напісаць рэалістычную, простую, без вынаходстваў п’есу з мінімумам дзеючых асоб і адной дэкарацыяй. Натхніў яго дзівосны антычны міф пра багіню Месяца Эўрыному, якая ў адзіноце танцавала над марскімі хвалямі. Яе танец выклікаў вецер, які ператварыўся ў змея Афіёна. Іх саюз даў жыццё свеце. Убачыўшы на прэм’еры рэакцыю гледачоў, цалкам захопленых дзействам, аўтар усвядоміў, што ягоны заклік – драматургія, гэтая магічная алхімія паміж тэкстам, акцёрамі і людзьмі, якія глядзяць на сцэну з цемры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая