Рус Бел Eng 中文

Пытанні ўдасканалення падатковага заканадаўства разглядаюць удзельнікі выязнога пасяджэння ў Магілёве

Выязное пасяджэнне прэзідыума навукова-кансультацыйнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі шостага склікання праходзіць сёння ў Магілёве. У мерапрыемстве прымаюць удзел старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства фінансаў, прадстаўнікі мясцовых органаў улады і бізнесу. Асноўнае пытанне для абмеркавання – удасканаленне падатковага заканадаўства краіны.

Адкрыла мерапрыемства сустрэча старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца з удзельнікамі пасяджэння.

«Тэма, якую мы сёння разглядаем і абмяркоўваем, важная і цікавая, – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. – У мінулым годзе была прынята парламентам і адобрана кіраўніком дзяржавы новая рэдакцыя Падатковага кодэкса. Ён быў сур’ёзна трансфармаваны. Падчас падрыхтоўкі выказваліся розныя пункты гледжання. Прайшоў пэўны час, і, у адпаведнасці з рэгламентам, мы павінны ажыццявіць маніторынг, атрымаць зваротную сувязь, як працуе адзін з найважнейшых дакументаў».

Пасяджэнне праводзіцца ў горадзе на Дняпры, аднак разгляд пытання не носіць рэгіянальнай накіраванасці. І ўсё ж, паводле слоў міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайкі, у нашай вобласці падатковая служба добра экіпіравана, актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі. Удзельнікі пасяджэння наведаюць цэнтры абслугоўвання плацельшчыкаў у інспекцыях МПЗ Ленінскага раёна горада Магілёва і Магілёўскага раёна. «Мы азнаёмімся з метадамі працы мясцовай падатковай службы, і, калі вопыт заслугоўвае ўвагі, яго варта распаўсюдзіць на іншыя структурныя падраздзяленні», – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Праграмай мерапрыемства запланавана наведванне СЗАТ «Сервалюкс» і ААТ «Магілёўліфтмаш», дзе выступяць дакладчыкі па тэме пасяджэння. «Нам неабыякава меркаванне навукі, кіраўнікоў прадпрыемстваў, бізнесу па пытаннях практычнага прымянення Падатковага кодэкса, – адзначыў Міхаіл Мясніковіч. – Магчыма, нешта трэба падкарэктаваць. Важна, каб выступоўцы звярнулі ўвагу і на падзаконныя акты, якія дапамагаюць, а часам наадварот, у рэалізацыі асноўных палажэнняў Падатковага кодэкса».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая