RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэгіянальная сустрэча ветэранаў вайны ў Афганістане Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў адбудзецца 8 лютага ў Буйнічах

21 рэгіянальная сустрэча ветэранаў вайны ў Афганістане Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў адбудзецца 8 лютага ў Буйнічах. Памятнае мерапрыемства пройдзе на базе прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага, адзначылі ў Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

У рэгіянальнай сустрэчы прымуць удзел ветэраны афганскай вайны, родныя і блізкія загінулых, прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі афганскіх арганізацый, вайсковыя часткі. Разам з імі ля памятнага знака загінулым у Афганістане выхадцам Магілёўскага раёна таксама збяруцца навучэнцы. Яны ўскладуць кветкі і вянкі да мемарыяла, успомняць пра падзеі тых далёкіх дзён.

Паводле слоў суразмоўцаў, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – сімвал прызнання подзвігу салдат і афіцэраў, якія абаранялі бяспеку і інтарэсы Радзімы ў ваенных канфліктах, і глыбокай павагі да іх. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо шмат гадоў, светлая памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё, да канца выканаўшы воінскі абавязак, працягвае жыць у нашых сэрцах.

Пасля мітынгу і паказальных выступленняў вайскоўцаў сіл спецыялізаваных аперацый адбудзецца святочны канцэрт і прыём ветэранаў вайны ў Афганістане старшынёй Магілёўскага райвыканкама Анатолем Дуцько. Традыцыйна воінам-інтэрнацыяналістам, якія праявілі сябе ў добрасумленнай працы на карысць краіны і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, будуць уручаны ганаровыя граматы.

Праз вайну ў Афганістане прайшло 3,5 тыс. ураджэнцаў Магілёўшчыны, 118 з іх загінулі, 220 засталіся інвалідамі. Амаль 2 тыс. воінаў узнагароджаны за мужнасць і гераізм ордэнамі і медалямі, а выхаванец Магілёўскага сельскага прафтэхвучылішча імя К. П. Арлоўскага (сёння Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж) Андрэй Мельнікаў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая