RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканская акцыя «Не спальвай сваё жыццё» пройдзе ў Магілёўскай вобласці 11–30 лістапада

Рэспубліканская акцыя «Не спальвай сваё жыццё» пройдзе ў Магілёўскай вобласці 11–30 лістапада. Пра гэта паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Традыцыйна галоўнай мэтай мерапрыемства з’яўляецца папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх. Толькі за 10 месяцаў бягучага года ў нашым рэгіёне зафіксавана 663 узгаранні, якія забралі жыцці 60 чалавек. Большасць трагедый адбылася па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, як правіла, пры курэнні.

«Практычна ўсе трагічныя выпадкі падобныя адзін да аднаго: да жалобных наступстваў нязменна прыводзіць злашчасны ланцужок «выпіў – закурыў – заснуў», – адзначыла суразмоўца. – Чалавек у нецвярозым стане не здольны адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць і, як следства, пазбаўлены інстынкту самазахавання. Вось і засынаюць курцы, як правіла, ладна «падагрэтыя» спіртным, з цыгарэтай у руках. А ад яе спачатку загараюцца пасцельныя прыналежнасці, а затым і іншая маёмасць у доме ці кватэры. Віноўнікі пажараў часцей гінуць не ад самога агню, а ў выніку атручвання прадуктамі гарэння».
Дастукацца да кожнага – менавіта такую задачу паставілі перад сабой ратавальнікі вобласці. Для таго каб ахапіць розныя катэгорыі насельніцтва, прынята рашэнне правесці акцыю ў чатыры этапы.

Спачатку работнікі МНС разам з актывістамі беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных і валанцёрамі будуць працаваць на прыпынках, вакзалах, станцыях, у грамадскім транспарце. З 11 па 13 лістапада яны раскажуць жыхарам рэгіёна пра небяспеку курэння ў ложку і раздадуць інфармацыйныя ўлёткі. Для максімальнага інфармавання аб згубнасці курэння тэматычная інфармацыя з’явіцца ў бягучых радках і на экранах грамадскага транспарту, пунктах грамадскага харчавання, гандлёвых кропках і г. д.

На другім этапе – з 14 па 22 лістапада – тэматычныя дні інфармавання пройдуць на прамысловых прадпрыемствах, у арганізацыях, пунктах грамадскага харчавання. Форма працы крэатыўная і дынамічная: удзельнікі змогуць згуляць у тэматычную інтэлектуальную QUIZ-гульню «No Smoking Quiz» або правесці «Абед без цыгарэт!» за праглядам яркіх выступленняў ратавальнікаў і работнікаў культуры.

У акцыі прымуць удзел і студэнты. Праца ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах будзе весціся 22–28 лістапада. Запланаваны лекцыі, а таксама тэматычныя фестывалі каманд КВЗ, конкурсы, дыскатэкі.

Фінальныя мерапрыемствы акцыі адбудуцца 29–30 лістапада ў месцах масавага знаходжання людзей: на адкрытых пляцоўках, рынках, у буйных гандлёвых цэнтрах, сельсаветах. Тут будзе арганізавана праца гульнявых пляцовак «Перамажы слабасць», «Цыгарэту на слодыч», «Тваё здароўе», «Танец тушэння цыгарэт», «Латарэя 50/50», а таксама конкурсы і віктарыны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая