RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх сем’яў «Шчаслівыя разам» пройдзе ў Магілёве

Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх сем’яў «Шчаслівыя разам» адбудзецца 27-28 сакавіка ў Магілёве. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання.

У творчым спаборніцтве запрашаюць прыняць удзел сем’і, у якіх абое – жонка і муж – з’яўляюцца студэнтамі. Прычым заявіць пра сябе могуць пары як з беларускіх ВНУ, так і іншых дзяржаў.

Конкурс пройдзе ў тры этапы. Для ўдзелу ў першым неабходна да 11 сакавіка накіраваць на электронную пошту ovr.mgup@gmail.сом анкету-заяўку (арыгінал заяўкі ў друкаваным выглядзе з подпісам і копію пасведчання аб шлюбе неабходна прадаставіць па прыездзе на месца правядзення мерапрыемства), 10 фатаграфій (партфоліа), міні-эсэ, якое раскрывае духоўны і творчы патэнцыял сям’і, агульныя інтарэсы і мэты ў жыцці, а таксама дзвюххвіліннае відэа-прэв’ю «Мы хочам удзельнічаць у конкурсе, таму што...».       

Па выніках разгляду высланых матэрыялаў арганізацыйны камітэт абярэ 8 сямейных пар. У наступны тур таксама выйдзе прадстаўнік ад Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Другі этап адбудзецца 27 сакавіка на базе МДУХа. Канкурсантам неабходна будзе праявіць свае здольнасці і навыкі ў спартыўным спаборніцтве «Вясёлыя старты для маладых сем’яў», тэматычным кулінарным майстар-класе ад чэмпіёнаў Рэспублікі Беларусь па кампетэнцыі «Кулінарнае мастацтва» з праверкай эрудыраванасці па пытаннях правільнага і здаровага харчавання, а таксама шоу-конкурсе «Падрыхтоўка стравы для сямейнай вячэры». Прычым апошняе неабходна будзе зрабіць са стандартнага набору прадуктаў, набытых на суму, устаноўленую аргкамітэтам перад пачаткам спаборніцтва.

Фінал пройдзе 28 сакавіка. На сцэне Палаца культуры вобласці сям’і прадставяць візітную картку «Ты памятаеш, як усё пачыналася?», прэзентуюць стыльны family look (вопратку для стварэння і дэманстрацыі ладу дадуць брэндавыя крамы Магілёва). Яшчэ адно заданне – творчае выступленне з удзелам усіх членаў сям’і ў любым жанры «Сям’я на таленты багатая».

Па выніках двух конкурсных дзён журы вызначыць пераможцаў і прызёраў, якіх узнагародзяць дыпломамі і прызамі.

Палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх семяў «Шчаслівыя разам»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая