RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскі Тыдзень лесу пройдзе пад слоганам, які напісаў настаўнік з Касцюковічаў

З двухсот варыянтаў слогана для рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» ў конкурсе прызнаны найлепшым «Дрэвы саджаю – і тым ганаруся! Будзе зялёнай мая Беларусь!» Яго аўтар – настаўнік рускай мовы і літаратуры Баранькоўскага КПК «Яслі-сад – базавая школа Касцюковіцкага раёна» Васіль Кавалёў.

Конкурс на найлепшы дэвіз для «Тыдня лесу» ініцыявала Міністэрства лясной гаспадаркі. Вынікі падводзілі ў некалькі этапаў. Спачатку адабралі пяць найлепшых слоганаў. За кожны з іх галасавалі людзі ў сацсетках. Па выніках гэтага галасавання ў лідарах аказаліся два варыянты, набраўшы аднолькавую колькасць балаў. На апошнім этапе галасавалі ўжо сябры аргкамітэта акцыі «Тыдзень лесу». Перамога была аддадзена касцюкоўцу Васілю Кавалёву.

Дарэчы, другім лідарам конкурсу быў слоган «Адно дрэва. Адзін тыдзень. Адзін лес».

Рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу» пройдзе ў Беларусі з 13 па 20 красавіка і будзе прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для акцыі Магілёўскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне падрыхтавала 120 аб’ектаў у 13 лясгасах вобласці. Падрабязную інфармацыю па канкрэтных мерапрыемствах акцыі і ўмовах удзелу ў ёй можна ўдакладніць у Магілёўскім аргкамітэце па тэлефоне 8 (0222) 31-13-25.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая