Спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы адзначылі 50 прадстаўнікоў моладзі. Цырымонія ўзнагароджання адбылася сёння ў канферэнц-зале аблвыканкама.
Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падкрэсліў, што ў гэтай зале сабраліся прафесіяналы сваёй справы, таленавітая моладзь, у якой, несумненна, вялікая будучыня.
«Сімвалічна, што наша сустрэча праходзіць напярэдадні Дня моладзі, – сказаў кіраўнік Прыдняпроўскага краю. – У Беларусі маладзёжная палітыка даўно стала адным з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці дзяржавы. Ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб кожная асоба змагла праявіць сябе і самарэалізавацца».
Леанід Заяц адзначыў, што гэтымі днямі ў сталіцы нашай краіны, горадзе-героі Мінску, праходзяць II Еўрапейскія гульні. На гэтым мультыспартыўным форуме Магілёўскую вобласць прадстаўляе вялікая дэлегацыя маладых атлетаў – 36 чалавек. «Яны не проста прымаюць удзел у спаборніцтвах, але і дамагаюцца высокіх вынікаў, – сказаў ён. – Сваёй працай і упартасцю яны змаглі заваяваць сем медалёў, адзін з якіх найвышэйшай пробы. Жыхары Магілёўшчыны ганарацца, што ў гонар ураджэнцаў вобласці падымаецца сцяг і гучыць гімн Беларусі на такім прэстыжным міжнародным старце».
Кіраўнік рэгіёна пажадаў маладым людзям новых прафесійных і творчых дасягненняў, заняць годныя месцы ў жыцці, здароўя, шчасця і дабрабыту. «Кожны ў сваёй сферы дамогся пэўных вышынь. Упэўнены, што вы і ў далейшым сваёй добрасумленнай працай, актыўнай жыццёвай пазіцыяй будзеце праслаўляць Магілёўскую зямлю, садзейнічаць развіццю нашай дзяржавы і грамадства», – падкрэсліў Леанід Заяц.
Старшыня аблвыканкама цёпла павіншаваў маладых людзей з дасягнутымі поспехамі і ўручыў ім дыпломы лаўрэатаў спецпрэміі. У ліку ўзнагароджаных – артыст Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Аляксей Цыбін, карэспандэнт ІА «Магілёўскія ведамасці» Марыям Табагары, загадчык аддзела тэлеінфармацыі рэдакцыі газеты «Бабруйскае жыццё» Мікалай Сілкоў, інжынер-канструктар інстытута «Магілёўжылпраект», старшыня кантрольна-рэвізійнай камісіі сацыяльна-культурнага грамадскага аб’яднання «Спадчына» Міхаіл Новікаў, урач-хірург (загадчык) аддзялення трансплантацыі Магілёўскай абласной бальніцы Сяргей Петрашэўскі, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі гімназіі № 3 Бабруйска Марыя Самсоненка, спартсмен-навучэнец Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і гульнявых відах спорту, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы Ніна Савіна, загадчык аддзялення па прадастаўленні сацыяльнай падтрымкі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва Ягор Зюзін і інш.
Таксама на мерапрыемстве былі ўручаны пасведчанні Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Юныя таленты атрымалі ўзнагароды з рук памочніка Прэзідэнта Беларусі – інспектара па Магілёўскай вобласці Міхаіла Русага.
Спецыяльная прэмія Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы заснавана ў 2003 годзе ў мэтах выяўлення і стымулявання творчай працы і падтрымкі інавацыйнай дзейнасці работнікаў і спецыялістаў аховы здароўя, адукацыі, культуры і мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму, сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама заахвочвання навучэнцаў і студэнтаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай дзейнасці. Яе лаўрэатамі ўжо стала звыш 800 маладых людзей Прыдняпроўскага краю. Узнагарода прысуджаецца на конкурснай аснове адзін раз на год, яе памер – 50 базавых велічынь (1 БВ складае Br 25,5).
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 10:29
Дзень адчыненых дзвярэй пройдзе 26 красавіка ў Магілёўскім інстытуце МУС
22.04.2025 - 09:31
Моладзевы электронны кірмаш вакансій пройдзе 24 красавіка ў Магілёве
18.04.2025 - 11:00
17.04.2025 - 09:30
Лепшага першакурсніка вызначылі ў Магілёўскім спецыялізаваным ліцэі МУС Рэспублікі Беларусь