RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшыня аблвыканкама Леанід Заяц прыняў удзел у лінейцы, прысвечанай пачатку навучальнага года, у сярэдняй школе № 2 Чэрыкава

Яшчэ месяц таму пра тое, што навучэнцы СШ № 2 Чэрыкава ў верасні сядуць за парты ў сваёй школе, гаворкі не ішло. Навучальная ўстанова была закрыта на капітальны рамонт. Планавалася, што заняткі ў адрамантаванай школе пачнуцца арыенціровачна да Новага года. Вучні ж павінны былі часова размясціцца «ў гасцях»– заняткі з імі павінны былі праводзіцца ў дзвюх іншых школах райцэнтра і ў прафесійна-тэхнічным ліцэі нумар 11. Прычым, у другую змену. Зразумела, што нязручнасці адчувалі б і дзеці, і іх настаўнікі. Калі даведаўся аб гэтай сітуацыі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, той распарадзіўся: скончыць усе працы ў школе да 1 верасня.

Будаўнікі актывізаваліся, і даручэнне было выканана. Прычым на выдатна. Сам быў сведкам, як бацькі са здзіўленнем выходзілі са школы: маўляў, як у новым будынку пабывалі. Зроблена і на самай справе многае. Дашчаная падлога заменена пліткай, абноўлены ўсе дзвярныя блокі. У школе новая электраправодка, каналізацыя, практычна цалкам абноўлены многія кабінеты. Зроблена добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі: замест асфальту пакладзена плітка. Увогуле, атрымалася новая школа…

Лінейка стала сапраўдным святам для 417 школьнікаў. Прычым, не толькі тых, хто жыве ў райцэнтры. У школе вучацца яшчэ 100 дзяцей з 8 навакольных вёсак.Іх да пачатку ўрокаў падвозяць на аўтобусе. Зразумела, што гучала вельмі шмат слоў падзякі будаўнікам, якія зрабілі ўсё, каб навучальная ўстанова адкрылася да пачатку навучальнага года. А старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц уручыў школе падарункі: школьны аўтобус і камплект спартыўных мячоў. Выступаючы перад прысутнымі, Леанід Канстанцінавічсказаў:

– Хачу павіншаваць навучэнцаў, іх бацькоў, педагогаў з тым, што яны навучальны год пачынаюць у абноўленай школе. Дзецям хачу пажадаць імкнення да ведаў. Іх настаўнікам – мудрасці, вытрымкі, адкрытага сэрца.

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы адзначыў, што Чэрыкаўская СШ № 2 павінна стаць прыкладам для тых навучальных устаноў, дзе толькі задумваюцца аб рамонце. З гэтага часу ўсе будаўнічыя работы павінны завяршацца да пачатку навучальнага года, каб і дзеці, і іх педагогі не адчувалі нейкіх нязручнасцей.

Адгучалі словы віншаванняў, пасля іх – першы званок. І школьнікі (як першакласнікі, так і старшакласнікі)адправіліся за парты. Пачаліся вучэбныя будні.

Тэкст – СБ

Фота - mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая