RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц прагаласаваў датэрмінова

Датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання стартавала 12 лістапада. На ўчастку для галасавання № 32, размешчаным у ДУА «Вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа № 12 г. Магілёва», сёння зрабілі свой выбар на карысць аднаго з шасці кандыдатаў старшыня магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Заяц і яго жонка.

Прыняць удзел у выбарах – гэта дзяржаўны абавязак грамадзяніна, а прагаласаваць датэрмінова – права кожнага, адзначыў у гутарцы з журналістамі Леанід Заяц. Старшыня аблвыканкама расказаў, што рашэнне прыйсці датэрмінова на выбарчы ўчастак выклікана працоўнай занятасцю ў асноўны дзень – 17 лістапада.  

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што прагаласаваў за чалавека-прафесіянала. У цэлым, на думку Леаніда Зайца, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў павінен быць эрудзіраваным, вядомым у грамадстве дзелавымі якасцямі, каб выбаршчыкі выразна ўяўлялі, за каго могуць аддаць голас. «Гэта кваліфікаваны спецыяліст у сваёй галіне, які ўмее прымаць выразныя абгрунтаваныя рашэнні, паколькі яму неабходна ўдзельнічаць у стварэнні законаў, паводле якіх жыць грамадству, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. – Прэтэндэнты на дэпутацкі мандат павінны быць выхаваны ў духу партыятызму, любові да сваёй Радзімы і грамадзян, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць час знаходжання на высокай выбарнай пасадзе».

Пасля галасавання для Леаніда Зайца арганізавалі экскурсію па вучэбна-педагагічным комплексе «Дзіцячы сад – сярэдняя школа № 12». Тут атрымлівае веды больш за 260 дзяцей. Адкрыты тры ваенна-патрыятычныя класы, дзе навучаюцца хлопчыкі з усяго горада, якія жадаюць звязаць свой далейшы лёс з прафесіяй ваеннага.

Як расказала дырэктар школы Марына Зубарэнка, у 2013 годзе была завершана першая чарга рэканструкцыі навучальнай установы – у новай прыбудове з’явіўся дзіцячы сад. У далейшым прывялі ў парадак фасад, актавую залу. У найбліжэйшых планах – капітальны рамонт кабінетаў. Пры наведванні школы Леанід Заяц падтрымаў намер адміністрацыі пабудаваць на месцы старога будынка, дзе сёння знаходзіцца закрытая для наведванняў спартыўная зала, новую. На яе  плошчах таксама плануюць размясціць бібліятэку, майстэрні, цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі і цір.

На ўчастку для галасавання № 32 традыцыйна робяць свой выбар вышэйшыя службовыя асобы вобласці і горада Магілёва. «Гэта вельмі хвалюючыя моманты, дадатковая адказнасць. Рыхтуемся да выбараў заўсёды грунтоўна, ствараем максімальна ўтульную атмасферу ў зале. У асноўны дзень гучыць музыка, працуе буфет», – расказала намесніца старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Вольга Папова.

Па спісах тут зарэгістравана 2689 выбаршчыкаў. За чатыры дні датэрміновага галасавання яўка склала больш за 20%. «Выбаршчыкі на ўчастак ідуць актыўна, – канстатавала суразмоўца. – Гэта бацькі нашых навучэнцаў і выхаванцаў, работнікі шпіталя ветэранаў, які знаходзіцца побач. За працэсам выбараў тут назіраюць прадстаўнікі «Белай Русі», БРСМ, прафсаюзаў, давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая