RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц правёў сустрэчу з насельніцтвам Краснапольскага раёна

У Краснапольскім раённым Цэнтры культуры старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц правёў сустрэчу з актывам раёна і прадстаўнікамі працоўных калектываў. Гутарка прайшла пры ўдзеле дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Марзалюка.

У сваім выступленні кіраўнік рэгіёна расказаў пра мэты свайго візіту – пачуць праблемы, пажаданні жыхароў раёна, пагаварыць аб выніках і перспектывах развіцця дзяржавы, яго лёс.

«Мы жывём у шчаслівы час. Прачынаемся, не скаланаючыся. Над намі чыстае мірнае неба. Кожны мае магчымасць працаваць і зарабляць, атрымліваць адукацыю і медыцынскае абслугоўванне. Варта ўспомніць той час на этапе станаўлення нашай краіны, калі паліцы ў магазінах былі пустыя, няма чаго было есці. Тады беларускі народ зрабіў адзіна правільны выбар, абраўшы першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку. За кароткі перыяд мы стварылі харчовую бяспеку і незалежнасць краіны і ўжо сёння вырабляем якасную прадукцыю і атрымліваем ад рэалізацыі на экспарт $5,8 млрд. Гэта заслуга нашага Прэзідэнта, нашага народа, – канстатаваў Леанід Заяц. – За чвэрць стагоддзя мы стварылі многае. Нашы дасягненні ў медыцыне вядомыя ва ўсім свеце. Да нашых спецыялістаў прыязджаюць па дапамогу з Карэі, Аўстраліі, Японіі і іншых краін. Нам ёсць чым ганарыцца і ў спорце, дзякуючы перамогам нашых спартсменаў, у тым ліку і выхадцаў з Магілёўскай вобласці. Чаму гэта стала магчымым? Таму што Прэзідэнт краіны ў свой час падтрымаў самых таленавітых людзей, стварыў умовы для іх развіцця і ўдасканалення на роднай беларускай зямлі. Усё, што было створана ў краіне за гэты час, створана для людзей і належыць ім, а не жменьцы алігархаў. Да нас едуць, таму што ў нас мір і спакой, бяспека. Гэты імідж дасягнуты нашай краінай і дарагога каштуе».

Леанід Заяц даў ацэнку прыгожым заклікам да зменаў і рэвалюцый.

– На любога роду рэвалюцыі ідуць тыя, каму няма чаго губляць, не маючы ні найменшага ўяўлення аб планах далейшага развіцця краіны. Гэта для іх не важна. Важна–расхістаць, раскалоць народ і ўладу. Таму цяпер кожны павінен асэнсаваць сітуацыю і выканаць свой грамадзянскі і дзяржаўны абавязак –заступіцца за сваю зямлю, свой народ, сваю Радзіму. Узяўшыся за рукі, 9 жніўня мы павінны даказаць усяму свету, што ў Беларусі жывуць сапраўдныя патрыёты.

На сустрэчы былі разгледжаны пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, якія прагучалі ў дакладзе старшыні Краснапольскага райвыканкама Аляксандра Трушкіна. Было адзначана, што ў эканоміцы Краснапольскага раёна дасягнута дадатная дынаміка па шэрагу ключавых паказчыкаў. Рэалізаваны мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне новых вытворчасцяў, пашырэнне дзеючых як суб’ектамі дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці.

redflag.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая