RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Стваральнікаў серыяла «Чарнобыль» запрасілі на адкрыццё бюста беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча ў Бабруйскім раёне

Стваральнікаў і здымачную групу серыяла «Чарнобыль» запрасілі на адкрыццё бюста беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Паводле планаў, цырымонія адбудзецца ў пачатку верасня ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна.

Ліст з запрашэннем на студыю HBO адправіла ініцыятыўная група па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча. Нагадаем, што сацыяльны праект «Глуша Адамовіча» атрымае фінансаванне па выніках конкурсу Social Weekend. Ён перамог у намінацыях «Малая Радзіма» і «Добрыя ініцыятывы».

Алесь Адамовіч быў адным з першых, хто ўздымаў тэму рэальнага маштабу трагедыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У сваёй запісной кніжцы пісьменнік зрабіў запіс на гэтую тэму: «На планеце няма дзвярэй «Запасны выхад». Няма куды бегчы ў выпадку ядзернага пажару».

Пасля катастрофы ў Чарнобылі на Алеся Адамовіча выйшлі з кампаніі Columbia Pictures, і ўжо ў 87-м годзе сцэнар «...Імя гэтай зорцы Чарнобыль» быў гатовы і ўхвалены. Планавалася, што здымаць яго будзе Стэнлі Крамер, але па невядомых прычынах да здымак справа не дайшла.

Бюст пісьменніка стварае беларускі скульптар Генік Лойка. Цяпер ён заканчвае каркас. Да сярэдзіны тыдня пачне ляпіць з пластыліну форму для адліўкі з бронзы. Ініцыятары «Глушы Адамовіча» спадзяюцца, што стваральнікаў серыяла «Чарнобыль» зацікавіць іх прапанова.

ТРК «Магiлёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая