RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сучасным выклікам можна проціпаставіць еднасць грамадства – Андрэй Кунцэвіч

Сучасным выклікам і пагрозам можна проціпаставіць кансалідацыю і еднасць грамадства на аснове ўзважанай, разумнай і справядлівай дзяржаўнай палітыкі. Такі пункт гледжання выказаў журналістам, Андрэй Кунцэвіч, назначаны сёння намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

«Галоўнае, на што звярнуў увагу ў ходзе назначэння Прэзідэнт, - гэта работа з людзьмі, вырашэнне іх злабадзённых праблем, што з'яўляецца па сутнасці першараднай задачай кіраўнікоў любога ўзроўню. Трэба не хавацца ад вострых пытанняў, якія хвалююць нашых людзей, а сумесна шукаць шляхі іх вырашэння, выкарыстоўваючы любыя актуальныя каналы для зваротнай сувязі. Гэта, бадай што, ёсць галоўная задача ідэалагічнай вертыкалі ўлады на сёння», - сказаў Андрэй Кунцэвіч.

«З майго пункту гледжання, ідэалагічная работа была актуальнай заўсёды. Час паказаў, што сёння гэта вельмі важна, гэта запатрабавана не толькі ўладай, але і людзьмі», - дадаў ён.

Андрэй Кунцэвіч будзе курыраваць пытанні ідэалогіі, грамадскія аб'яднанні і сродкі масавай інфармацыі.

Андрэй Кунцэвіч нарадзіўся ў Магілёве. У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (спецыяльнасць «журналістыка»), у 2007 годзе - Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі (спецыяльнасць «дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія»). Працаваў загадчыкам аддзела пісем рэдакцыі раённай газеты «Зара над Друццю» (г.п. Бялынічы), пасля - рэдактарам гэтага выдання. З 2009 па 2011 год займаў пасаду намесніка старшыні Шклоўскага райвыканкама, з 2011 па 2013 год - начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама. З'яўляўся першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама - начальнікам упраўлення ідэалагічнай работы. З 2013 па 2016 год працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама, з 2016 па 2017 год - начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Са студзеня 2017 года быў на пасадзе намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая