RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Тэматычныя пляцоўкі, канцэртныя праграмы і феерверк – як Магілёў сустрэне Дзень Незалежнасці

Праграма галоўных святочных мерапрыемстваў у Дзень Незалежнасці ў Магілёве пачнецца ў 11.00 з мітынгу на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле». Тут жа правядуць экспрэс-экскурсію «Дняпроўскі рубеж», паведамілі ў гарвыканкаме.

Забаўляльныя мерапрыемствы ў абласным цэнтры стартуюць апоўдні – на пляцоўцы каля дыягнастычнага цэнтра. У святочнай канцэртнай праграме «Радзіма сэрца дарагая» прыме ўдзел сімфанічны аркестр і хор Магілёўскай гарадской капэлы, гарадскі духавы аркестр, творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы дзіцячых школ мастацтваў, гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу, ДК ААТ «Магатэкс». Таксама ў 12.00 у парку Падміколля пачнецца спартыўна-турыстычнае свята «Здаровы я – здаровая краіна».

Святочныя пляцоўкі да 18.00 разгорнуцца па вуліцы Ленінскай. Тут будзе працаваць літалея «Мая Беларусь», беларуская майстэрня, арт-прастора «Мастацтва і Радзіма», адбудзецца свята вышыванкі «Сімвалы маёй краіны».

Магілёўская дзіцячая анімацыйная студыя «Аловак» 3 ліпеня прэзентуе мультфільм «Чакай мяне». Прэм’ера і творчая сустрэча адбудзецца ў кінатэатры «Радзіма» ў 13.00.

У скверы 40-годдзя Перамогі 13.00 да 16.00 пройдзе фестываль фарбаў.

Разынкай вячэрняй праграмы стане святочны канцэрт «Люблю цябе, Радзіма слаўная мая!». Маляўнічае прадстаўленне пачнецца ў 21.00 на плошчы Славы. Сваю творчасць жыхарам горада на Дняпры падораць артысты Магілёўскай абласной філармоніі, найлепшыя салісты і творчыя калектывы рэгіёна. Працягне свята рэспубліканская акцыя «Праспяваем

гімн разам», пасля якой неба над Магілёвам асветліць феерверк. Дарэчы, тым, хто не зможа наведаць канцэрт, не варта хвалявацца: тэлевізійную версію пакажуць на «Беларусь 4 “Магілёў”» у суботу, 4 ліпеня, у 21.00 і ў нядзелю, 5 ліпеня, у 18.35.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці, запланаваныя ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. Адбудуцца ўскладанні кветак і вянкоў да помнікаў і мемарыялаў, канцэрты, акцыі, флэшмобы, выставы, конкурсы, урокі мужнасці, будуць працаваць спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі. У Бабруйску 3 ліпеня адкрыецца дзіцячы дом сямейнага тыпу.

Напярэдадні і ў святочны дзень ва ўсіх рэгіёнах Прыдняпроўскага краю запланаваны віншаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, асоб, прыраўнаваных да іх, з уручэннем паштовак і сувеніраў. Пры наведванні будуць выконвацца санітарна-эпідэміялагічныя нормы, улічвацца фізічны стан пажылых людзей, іншыя фактары для вызначэння мэтазгоднасці і фармату віншавання ў кожным канкрэтным выпадку.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая