RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Транспарт, прыватызацыя інтэрнатаў, дзіцячыя пляцоўкі – Леанід Мартынюк правёў прыём грамадзян

Выязны прыём грамадзян правёў памочнік Прэзідэнта–інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк у ААТ «Ольса». Большая частка пытанняў тычылася бытавых праблем: нязручны графік руху грамадскага транспарту, прыватызацыя інтэрнатаў і стан дарог у асобных часткахабласнога цэнтра –з такімі пытаннямі да Леаніда Мартынюка звярнуліся супрацоўнікі прадпрыемства.

Адзін з тых, хто звярнуўся,– Генадзь Іваноў. Мужчына з 1975 года працуе ў ААТ «Ольса». Пытанні, з якімі ён прыйшоў, тычыліся паляпшэння працы грамадскага транспарту. «Побач з нашым заводам сканцэнтравана яшчэ некалькі буйных прадпрыемстваў – гэта «Зеніт», «Ліфтмаш», «Магатэкс». Кожную раніцу сюды на працу едзе велізарная колькасць людзей, – растлумачыў Генадзь Іваноў. – Я жыву ў пасёлку Грабянёва. І каб раніцай паспець на працу, саджуся на аўтобус № 35, які з канечнага прыпынку адпраўляецца ў 6.00. А калі ён раніцай не прыйдзе ці спозніцца –даводзіцца выклікаць таксі, што дастаткова накладна. Яшчэ кіроўцы часта не ўключаюць навігатары, таму нельга адсачыць патрэбны аўтобус у мабільным дадатку –стаіш на прыпынку і варожыш, прыедзе ён ці не».

Акрамя гэтага, мужчына падзяліўся падобнай праблемай сваіх калег: супрацоўнікам, якія пражываюць у мікрараёне Саломінка, у ранішнія гадзіны таксама праблематычна дабірацца да працы. «Адтуль на наш завод едзе толькі аўтобус №17. І раніцай ён заўсёды перапоўнены», – адзначыў Генадзь Іваноў.

Леанід Мартынюк адзначыў, што гэтым пытаннем будуць займацца кампетэнтныя спецыялісты. «І рашэнне трэба будзе прымаць з улікам таго, каб не даставіць нязручнасці і тым, хто працуе побач з вамі», – адзначыў памочнік Прэзідэнта.

Праблемы транспартных зносін закранула і супрацоўніца ААТ «Ольса» Алена Пруднікава. «Мы жывём на вуліцы Яраслаўскай. І ў нас ёсць праблема з тым, як дзецям дабірацца ад дома да школы і назад. Асабліва гэта тычыцца другой змены –увесь час даводзіцца быць на тэлефоне, – адзначыла жанчына. – Хацелася б, каб на наш раён звярнулі ўвагу і больш дэталёва прапрацавалі графік руху грамадскага транспарту».

Таксама жанчына падзялілася яшчэ адной праблемай –адсутнасцю дзіцячых пляцовак у іх раёне. «Наш дом здаваўся ў 2011 годзе, пляцоўку зрабілі. Але яна прыйшла ў непрыдатнасць. Калі прайсці па раёне, можна знайсці то тут, то там нейкія старыя турнікі, зламаныя арэлі. Але больш нічога, дзецям няма чаго рабіць на вуліцы, – падкрэсліла Алена Пруднікава. – Мы з іншымі жыхарамі дома набывалі гульнявое абсталяванне, але яно таксама зламалася, таму што дзяцей шмат. Хацелася б, каб у вырашэнні гэтага пытання нам таксама дапамаглі».

Леанід Мартынюк адзначыў, што ўсе пытанні, з якімі звярнулася жанчына, будуць дэталёва прапрацаваны.

Вольга Іганава звярнулася на асабісты прыём з пытаннем аб магчымай прыватызацыі жылога блока ў інтэрнаце. Жанчына ўжо 10 гадоў пражывае ў адным з інтэрнатаў, які раней належыў ААТ «Тэхнапрыбор». Зараз будынкі перайшлі ў гарадскую камунальную ўласнасць. Як адзначыў Леанід Мартынюк, гэта пытанне ўзята на кантроль.

Акрамя правядзення асабістага прыёму грамадзян, Леанід Мартынюк азнаёміўся з працай прадпрыемства. У адным з цэхаў ён сустрэўся з работнікамі завода –тут адбылося абмеркаванне вынікаў VI Усебеларускага народнага сходу.

«Любыя зносіны даюць станоўчы вынік. Сённяшняя сустрэча з калектывам паказала, што людзі інфармаваныя. Яны ведаюць, аб чым гаварылі на УНС, які мы абмяркоўвалі. Яны ўжо зрабілі свае высновы, ацанілі пасылы форума, – адзначыў Леанід Мартынюк. – Безумоўна, задача ўлады, чыноўніка любога рангу –выслухаць людзей. І калі ёсць якая-небудзь праблема, то прыняць рашэнне і пастарацца зрабіць жыццё людзям больш камфортным».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая