Рус Бел Eng 中文

Турэцкія кампаніі пашыраюць вытворчасці ў Магілёве

Турэцкія кампаніі ўпэўнена пашыраюць вытворчасці ў горадзе на Дняпры. Пра гэта сведчаць дакументы, завераныя сёння ў час раённа-гарадскога форума «Магілёў – Амасья».

У прыватнасці, на дзелавой пляцоўцы адбылося падпісанне інвестыцыйнага пагаднення паміж адміністрацыяй СЭЗ «Магілёў» і ТАА «БелЭмса». Прадпрыемства, якое з’яўляецца рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны, у 2011 годзе пачало рэалізацыю праекта па выпуску сродкаў асабістай гігіены, стаўшы першым і адзіным у Беларусі вытворцам дзіцячых аднаразовых падгузнікаў. У 2017-м лінейка пашырылася дзякуючы адкрыццю новай лініі па вытворчасці вільготных касметычных сурвэтак. Сёння на прадпрыемстве працуе 115 чалавек. За год тут выпускаюць больш за 224 млн. штук дзіцячых аднаразовых падгузнікаў пад маркай «SENSO BABY». Экспартуецца 60% прадукцыі ў 15 краін свету, 40% – ідзе на беларускі рынак.

«Нам камфортна працаваць у Магілёве, пра гэта сведчыць пастаянны рост аб’ёмаў продажаў, – расказаў намеснік дырэктара ТАА «БелЭмса» Асман Учар. – У горада максімальна зручнае геаграфічнае становішча, побач вялікія рынкі. Таму мы распрацоўваем праекты па пашырэнні спектру прадукцыі». Так, у студзені бягучага года прадпрыемства закупіла новую лінію па вытворчасці падгузнікаў для дарослых, якія, у ліку іншых, будуць пастаўляцца ва ўстановы аховы здароўя Беларусі. На дадзены момант ідзе яе мантаж, а запуск плануецца ажыццявіць ужо ў канцы сакавіка. Большая частка новай прадукцыі(а гэта каля 80 млн. штук на год) пойдзе на экспарт. Дзякуючы рэалізацыі пунктаў інвестыцыйнага пагаднення яшчэ 40 жыхароў Магілёўскай вобласці атрымае працу.

Пратакол аб намерах падчас форума таксама падпісалі прадстаўнікі адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» і ЗТАА «СБИ Каучук». Турэцкае прадпрыемства ажыццяўляе сваю дзейнасць у свабоднай эканамічнай зоне з 2009 года і спецыялізуецца на вытворчасці высакаякасных гумовых ушчыльняльнікаў для розных будаўнічых канструкцый. Устойлівае развіццё, паводле слоў дырэктара Умура Эмліка, паўплывала на рашэнне аб неабходнасці пашырэння. Пад арганізацыю вытворчасці гуматэхнічных вырабаў замежнаму грамадству выдзелена 3,5 га зямлі. На сённяшні дзень ідуць праектныя работы. Сёння «СБИ Каучук» выпускае каля 3 тыс. т прадукцыі. Дзякуючы нарошчванню магутнасцей плануецца павялічыць аб’ёмы ў два разы. На гэтым прадпрыемства спыняцца не мае намеру. У перспектыве разглядаецца магчымасць арганізацыі вытворчасці ўласнай сыравіны, а таксама будаўніцтва складскіх памяшканняў.

Раённа-гарадскі форум «Магілёў–Амасья» праходзіць на базе адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама, агенцтва рэгіянальнага развіцця. Мэтай бізнес-місіі з’яўляецца азнаямленне з інвестыцыйным патэнцыялам вобласці, а таксама вывучэнне магчымасцяў для развіцця гандлёва-эканамічнага і кааперацыйнага супрацоўніцтва з айчыннымі прадпрыемствамі, наведванне СЭЗ. Кіраўнікі беларускіх кампаній і турэцкіх дзелавых колаў падчас форума змаглі правесці двухбаковыя перамовы па шматлікіх напрамках дзейнасці: металургія, прамысловая хімія, угнаенні, камп’ютарныя сістэмы і праграмнае забеспячэнне, вытворчасць мэблі, грамадзянскае, дарожнае і прамысловае будаўніцтва, транспартна-лагістычныя і складскія паслугі, гандаль прадуктамі харчавання, гасцінічны і рэстаранны бізнес.

У горад на Дняпры прыбыла вялікая дэлегацыя гасцей, якую ўзначальвае Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Турцыі ў Беларусі Мустафа Азджан. Дыпламат паведаміў, што ўступіў у пасаду зусім нядаўна – у студзені бягучага года. Таму візіт у Магілёў –першы за межамі Мінска, арганізаваны сумесна з прадстаўнікамі дзелавых колаў Турцыі.

«Беларусь – дружалюбная і блізкая нам краіна, – падкрэсліў Мустафа Азджан. – Тут турак любяць і гатовыя даць усе наяўныя магчымасці для стварэння і развіцця бізнесу».

Паводле слоў пасла, паваротным пунктам у выбудоўванні ўзаемаадносін дзвюх краін стаў візіт у 2016 годзе Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Беларусь. «З гэтага часу назіраецца дынаміка ў выбудоўванні партнёрства, пашыраная прававая база, – адзначыў дыпламат. – Аднак карціна эканамічных адносін не адлюстроўвае духу агульнага дыялогу паміж нашымі дзяржавамі. Таму пастаўлена задача павялічыць тавараабарот да $ 1,5 млрд.пры выкананні балансу партнёрства. Мы падтрымліваем развіццё не толькі гандлёвых адносін, але і выступаем за ўзаемныя інвестыцыі, сумесныя інвестпраекты з выхадам на рынкі трэціх краін».

Мустафа Азджан звярнуў увагу: сёння ў рэйтынгу сусветных эканомік Турцыя з’яўляецца 13-й па велічыні, а сярод еўрапейскіх –пятай. Замежныя інвестыцыі ў эканоміку на працягу апошніх 18 гадоў склаліся на ўзроўні $ 210 млрд. Паводле статыстыкі 2018 года экспарт Турцыі склаў $ 170 млрд., імпарт – $225 млрд. У дасягненні гэтых лічбаў вялікую ролю адыгралі форумы, якія праводзяцца ў апошні час. «У нас няма адрозненняў паміж замежнымі і мясцовымі інвестарамі, – канстатаваў пасол. – Усе працуюць у аднолькавых умовах, а стаўка падатку на прыбытак вельмі прывабная. Безумоўна, гэта спрыяе таму, што кампаніі розных краін свету інвестуюць у Турцыю. Мы хацелі б быць упэўненымі, што і Беларусь прадаставіць такія ж умовы турэцкаму бізнесу. Сёння многія краіны зацікаўлены ў тым, каб прыцягнуць інвестараў, якіх, у сваю чаргу, цікавіць прыняцце хуткіх рашэнняў, адсутнасць бюракратыі, магчымасць лёгка прадказваць развіццё бізнесу».

Мустафа Азджан асабліва падкрэсліў, што пасольства будзе адсочваць рэалізацыю дасягнутых у Магілёве дамоўленасцей.

Дарэчы, сярод праектаў, прапанаваных турэцкім бізнесменам для рэалізацыі на тэрыторыі вобласці, значыліся гасцінічны комплекс і футбольны манеж у раёне Пячэрскага лесапарку Магілёва, стварэнне спецыялізаванай турэцкай прамысловай зоны. Акрамя таго, падчас форума адбылося падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж адміністрацыяй СЭЗ «Магілёў» і ГПП горада Амасья.

  

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая