RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна завяршаецца будаўніцтва новага дзіцячага сада

У аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна падыходзіць да завяршэння будаўніцтва новага дзіцячага сада.

«Неабходнасць будаўніцтва прадыктавана самім жыццём. У Дабрэйцы павялічваецца колькасць дзяцей. Адбываецца гэта за кошт прываблівання маладых спецыялістаў у гаспадарку, – адзначае выканальнік абавязкаў дырэктара СП «Газавік-Сіпакова» Мікалай Сталяроў. – Для спецыялістаў у населеным пункце пабудаваны інтэрнат сямейнага тыпу. Радуе тое, што моладзь стварае сем’і і застаецца тут».

Будаўніцтва дашкольнай установы і бачыцца адным з тых самых перспектыўных напрамкаў па замацаванні маладых спецыялістаў у вёсцы. Таму нядзіўна, што з прапановай аб яе ўзвядзенні выступілі менавіта работнікі гаспадаркі. Зрэшты, разлік на будучыню – не адзіная прычына будаўніцтва. Фактычна ў вёсцы Дабрэйка на гэты момант функцыянуе дашкольная ўстанова, якую наведваюць дзеці мясцовых жыхароў. Іншае пытанне: ці можа яна задаволіць усе патрэбы ў ахопе дашкольнай адукацыяй?

«Плошча наяўнай установы невялікая. Створана яна на месцы былога жылога дома і адкрывалася як гульнявая пляцоўка, – расказала рэдакцыі загадчыца ДУА «Дзіцячы сад № 12 аг. Дабрэйка» Святлана Кузьміна. – Разлічана яна на 12 дзяцей. Сёлета яе наведвае 14 выхаванцаў, у наступным чакаецца павелічэнне колькасці. Таму і для педагогаў, і для бацькоў будаўніцтва новага прасторнага дзіцячага садка, дзе будуць і гульнявая, і актавая зала, прасторныя спальныя пакоі і дзіцячыя пляцоўкі, безумоўна, з’яўляецца значнай падзеяй».

Дарэчы, паводле слоў загадчыцы, адкрыццё дзіцячага садка не толькі чакаюць, але і рыхтуюцца да яго. Напрыклад, ужо цяпер думаюць аб напаўненні гароднінасховішча, якое размяшчаецца на тэрыторыі новай установы.

У самой Дабрэйцы маштабнага будаўніцтва складана не заўважыць. На гэты момант, як адзначыў вядучы інжынер тэхнічнага нагляду КУДП «Упраўленне капітальным будаўніцтвам Шклоўскага раёна» Раман Балаханаў, працягваюцца работы па падключэнні аб’екта да вонкавых сетак населенага пункта. У найбліжэйшы час трэба будзе завяршыць кладку дахавага пакрыцця і прыступіць да аздаблення ўнутраных памяшканняў. А яны сапраўды прасторныя. Раман Балаханаў паказвае размяшчэнне пакояў, санвузлоў, памяшканне харчаблока двухпавярховага будынка. Усё зроблена згодна з дзеючымі нарматыўнымі дакументамі і існуючым стандартам. Нават падлогі ў гульнявых пакоях будуць з падагрэвам.

Актыўныя работы вядуцца і па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. Па праекце тут будуць размяшчацца дзве гульнявыя пляцоўкі, спартыўная і пляцоўка для вывучэння малымі правілаў дарожнага руху.

Стаўку ў новым дзіцячым садзе робяць не толькі на паляпшэнне якасці рэалізацыі сацыяльных стандартаў, але і на ўдасканаленне падрыхтоўкі малых. У аддзеле адукацыі райвыканкама адзначаюць, што ўстанова ствараецца на дзве групы і разлічана на 40 дзяцей. Гэта дазволіць павялічыць ахоп дашкольнай адукацыяй: у дзіцячым садзе плануецца адкрыццё групы для дзяцей 2-3 гадоў.

Што новаму дзіцячаму садку дзеці ўзрадуюцца, сумнявацца не даводзіцца. У гэтым упэўнены і бацькі цяперашніх і будучых выхаванцаў.

«Будаўніцтва новага садка выклікае толькі станоўчыя эмоцыі. Наша сям’я ўдзячная ўсім, хто мае дачыненне да яго стварэння. І я думаю, гэта меркаванне ўсіх бацькоў маленькіх дзяцей нашага аграгарадка, – упэўнена маці двух малых Ліля Ільінская, якая зараз знаходзіцца ў адпачынку па догляду дзіцяці. – 5 гадоў таму, калі мы сюды прыехалі з Украіны, моладзі было не так шмат, а цяпер колькасць маладых сем’яў усё павялічваецца. Мы з іншымі бацькамі назіраем за будаўніцтвам. Нам падабаецца і сам будынак новага садка, і дзіцячая пляцоўка. Мне здаецца, гэты дзіцячы сад наогул будзе шыкоўным».

shklovinfo.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая