RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Бабруйску пасля рэканструкцыі адкрылі дзіцячую бальніцу

Абноўленую гарадскую дзіцячую бальніцу адкрылі сёння ў Бабруйску. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Магілёўскага аблвыканкама і Бабруйскага гарвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў, святары, медыцынскія работнікі, актыў і моладзь горада.

«Сёння мы адкрываем сацыяльна значны аб’ект для жыхароў не толькі Бабруйска, але і найбліжэйшых раёнаў –абноўленую дзіцячую бальніцу. У працу на гэтым аб’екце ўклалі душу будаўнікі, увесь медперсанал і ўсе тыя, хто меў дачыненне да абнаўлення бальніцы, – адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. – Самае дарагое, што ёсць у дарослых, –гэта іх дзеці. І каб берагчы іх здароўе, своечасова аказваць якасную і прафесійную медыцынскую дапамогу, неабходная сучасная бальніца. Абноўленая дзіцячая бальніца ў Бабруйску ўкамплектавана абсталяваннем, якое дазволіць рабіць якасную дыягностыку і лячэнне захворванняў. У бальніцы створаны камфортныя ўмовы для пацыентаў, іх бацькоў і медыцынскага персаналу».

Дзіцячая бальніца мае найноўшае медыцынскае абсталяванне, якое дазволіць захоўваць здароўе маленькіх беларусаў.

Яна змянілася да непазнавальнасці – «роднымі» засталіся толькі падмурак і сцены. Хоць па графіку завяршыць працы планавалася ў лістападзе, будаўнікі, роўна як і ўрачы, і выканаўчая ўлада, разумелі важнасць і патрэбнасць аб’екта, таму прыклалі максімум намаганняў для таго, каб здаць медустанову ў эксплуатацыю на некалькі месяцаў раней за тэрмін.

Аб’ём праведзенай працы ўражвае. У бальніцы абнавілі і ўцяплілі фасад – зараз ён радуе погляд яркімі фарбамі, памянялі дах, вокны і ўваходныя групы, інжынерныя сеткі, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Новы выгляд набылі працэдурныя кабінеты і палаты, укамплектаваныя сучаснай тэхнікай і новай мэбляй. Цалкам змяніліся лабараторыя і харчаблок.

Разлічаная на 150 ложкаў медустанова абслугоўвае 43 тысячы дзяцей, якія пражываюць у горадзе, а таксама аказвае дапамогу маленькім жыхарам найбліжэйшых раёнаў: Бабруйскага, Асіповіцкага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага.

Непасрэдна на рэканструкцыю было выдаткавана больш за Br10 млн., яшчэ на Br3 млн. закупілі высакаякаснае дыягнастычнае абсталяванне: эндаскапічнае, гастраэнтэралагічнае, ультрагукавое, для даследаванняў галаўнога мозгу і не толькі.

«Бальніца, пабудаваная ў 1963 годзе, апошнія два дзесяцігоддзі не ведала капітальнага рамонту, толькі бягучы,– уводзіць у курс справы намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Іна Воранава. – Зразумела, фізічна і маральна яна састарэла, таму ў снежні 2018 года і пачалося яе пераўтварэнне. Медперсанал(а гэта больш за сто чалавек) і ўсе жыхары Бабруйска ўвайшлі ў становішча, цярпліва пераносілі некаторыя нязручнасці. Добра, што гэта ўжо ў мінулым».

У Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы функцыянуюць тры педыятрычныя аддзяленні для дзяцей рознага ўзросту, рэанімацыя. Медустанова ўкамплектавана спецыялістамі, у тым ліку і вузкапрофільнымі. Пасля рэканструкцыі колькасць маленькіх пацыентаў у адной палаце зменшылася да двух-чатырох. Прадугледжаны памяшканні павышанай камфортнасці і асобныя блокі для сумеснага знаходжання малых з мамамі, а таксама бокс для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Каля кожнага ложка ўстаноўлены перагаворныя прылады для хуткай сувязі з медыцынскім постам – гэтым не кожная сталічная бальніца можа пахваліцца.

Першых пацыентаў абноўленая бальніца прыняла ў чацвер. Каля 40 дзетак занялі свае месцы ў палатах. Бабруйчанка Наталля Гуркова і маленькая Ева паспелі агледзецца на новым месцы і засталіся задаволеныя:«Мне давялося ляжаць з сынамі ў бальніцы да яе рэканструкцыі, таму я магу параўнаць. Умовы тут шыкоўныя –светла, прасторна. Сцены прыгожа размаляваныя, у захапленні ўсе дзеці на паверсе. Спадабаліся прыгожая пасцельная бялізна і новая зручная мэбля. Вядома, лепш у бальніцу не трапляць, але калі ўжо давялося, то знаходзіцца тут прыемна».

«Сёння Бабруйск –горад са зручнай інфраструктурай, якідынамічна развіваецца. З’яўляюцца новыя сацыяльныя аб’екты, будуюцца шматкватэрныя жылыя дамы, аднаўляюцца ўстановы аховы здароўя, ёсць усе ўмовы і для заняткаў спортам. Утрымліваецца ў парадку ўвесь горад. І гэта заслуга мясцовых уладаў, якім Магілёўскі аблвыканкам і кіраўніцтва краіны імкнецца дапамагаць. І наш з вамі абавязак –захаваць і памножыць наяўныя дасягненні», – падкрэсліў Леанід Заяц.

БЕЛТА, СБ и bobrlife.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая