RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Быхаўскім раёне адкрыты Цэнтр адукацыі дарослых «Баркулаб»

Цэнтр адукацыі дарослых «Баркулаб» адкрыты ў Быхаўскім раёне. Ролю мясцовага «асветніка дарослых» узяў на сябе мясцовы фонд развіцця тэрыторый Быхаўскага раёна.

«Час не стаіць на месцы, мяняецца свет, і тых ведаў, якія мы атрымалі некалі, часта не хапае. Усё мяняецца так хутка, што вучыцца трэба пастаянна, – сцвярджае дырэктар фонду Раман Мельнікаў. – Зараз мы прыступілі да рэалізацыі праекта «Развіццё сістэмы нефармальнай адукацыі дарослых у Быхаўскім раёне для ўстойлівага развіцця рэгіёна». Ён накіраваны на задавальненне патрэб у навучанні людзей рознага дастатку і ўзросту, павышэнне іх кампетэнцыі ў тых ці іншых пытаннях».

Рэгіянальнымі «адукатарамі», як плануецца, стануць мясцовыя спецыялісты ў галіне адукацыі, псіхалогіі, эканомікі, культуры і IT.

Напярэдадні было праведзена анкетаванне жыхароў раёна. Яго вынікі, як адзначыла адміністратар фонду Людміла Дзяменцій, паказалі, што людзі хочуць вучыцца новаму, набываць сучасныя веды і ўменні. Землякоў (а гэта ў асноўным жанчыны ад 26 да 55 гадоў) цікавіць шырокае кола тэматычных напрамкаў: ад вырошчвання хатніх раслін і новых відаў сельскагаспадарчых культур, вывучэння рамёстваў, правядзення падзейных мерапрыемстваў да прасоўвання ўласных тавараў і паслуг у інтэрнэце і вывучэння замежных моў. Меркаванні ўдзельнікаў анкетавання былі ўлічаны пры планаванні далейшай работы «Баркулаба».

Акрамя таго, фонду прысвоены статус цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва, што абавязвае правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў для суб’ектаў прадпрымальніцтва і бізнесу, у тым ліку сельскага. Але мэтавымі групамі з’яўляюцца працаўнікі дзяржаўных арганізацый, беспрацоўныя, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, быхаўчане перадпенсійнага і пенсійнага узростаў, хатнія гаспадыні, маладыя спецыялісты і многія іншыя.

«У Цэнтры адукацыі дарослых ужо ў верасні-лістападзе будуць рэалізаваны чатыры праграмы: «Асновы прадпрымальніцтва», «Асновы керамікі», «Хатняе кветкаводства», «Дапамога людзям з дэменцыяй», – расказаў Раман Мельнікаў. – Як бачыце, іх тэматыка дастаткова шырокая, што дазволіць ахапіць вялікую колькасць мэтавых груп. Партнёрамі ў рэалізацыі праграм выступаюць Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў, Цэнтралізаваная клубная сістэма і ЦСАН. Мы гатовы да супрацоўніцтва і будзем рады новым партнёрам, каб пашырыць тэматыку курсаў для быхаўчан».

Паралельна будзе ісці працэс распрацоўкі канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі дарослых у Быхаўскім раёне, улічваючы ўвесь спектр запытаў мясцовых супольнасцяў, бізнесу, мясцовай улады.

«З аднаго боку, названыя мерапрыемствы з’яўляюцца новымі для нашай арганізацыі. Але з іншага боку, мы другі год праводзім адукацыйныя трэнінгі для розных мэтавых груп і ўжо разумеем, чаго хочам і для каго гэты праект патрэбны і важны, – падкрэслівае Раман Мельнікаў. – Адным з моцных і важных яго бакоў лічым партнёрства з мясцовай уладай, прызнанне ёю важнасці сферы нефармальнай адукацыі як кропкі росту для развіцця патэнцыялу рэгіёна».

Дарэчы, праект «Развіццё сістэмы нефармальнай адукацыі дарослых у Быхаўскім раёне для ўстойлівага развіцця рэгіёна» рэалізуецца ў межах праекта «Прафесіяналізацыя цэнтраў адукацыі дарослых у Еўропе пры падтрымцы прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь і садзейнічанні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Германіі.

У далейшых планах мясцовага фонду развіцця тэрыторый Быхаўскага раёна – стаць паўнапраўным удзельнікам Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы, што ўзмоцніць арганізацыю і дазволіць на больш якасным узроўні рэалізоўваць свае адукацыйныя праграмы.

bykhov.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая