RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Чавусах у канцы верасня плануюць афіцыйна адкрыць абноўлены Ратушны сквер

У Чавусах напрыканцы верасня плануюць афіцыйна адкрыць абноўлены Ратушны сквер. Стары парк добраўпарадкавалі ў межах пілотнай ініцыятывы «Зялёная зона для амаладжэння гістарычнай часткі горада Чавусы»– адной са складнікаў вялікага праекта «КАМГАР», расказаў эксперт праекта Андрэй Пахоменка.

Пасля таго як у Чавусах узвялі новы мікрараён са шматпавярховай забудовай, практычна ўся моладзь перабралася туды. Гістарычная частка горада апусцела. Для таго каб яе ажывіць і зрабіць прывабнай для моладзі і дзяцей, у Чавусах заняліся ўладкаваннем старога парку. Цяпер замест танцпляцоўкі райцэнтр абзавёўся скейтпляцоўкай, для дзяцей усталявалі тры гульнявыя модулі з улікам узроставых патрэб, арганізавалі зону ціхага адпачынку з зялёным лужком і лаўкамі.

Надалі ўвагу і азеляненню. «Парк быў зусім празрыстым. Каб дадаць трохі «камернасці», пасадзілі па перыметры кусты, тысячы раслін. Вось гэта было зроблена за грошы Еўрапейскага Саюза. Горад, са свайго боку, адрамантаваў стары дом культуры, прычым гэта быў поўны рамонт – капітальны. Побач паклалі дарожкі, плітку. У найбліжэйшы час у скверы з’явіцца цікавы архітэктурны аб’ект – макет ратушы на месцы, дзе калісьці стаяў першы будынак органа мясцовага самакіравання. Яна будзе дастаткова вялікая: 4-5 метраў у вышыню, плюс яшчэ пастамент. Збудаванне досыць цікавае», –гаворыць Андрэй Пахоменка. Эксперт лічыць, што галоўная мэта праекта ўжо выканана: старая частка горада зноў зазвінела дзіцячымі галасамі.

 

Праўда, не абышлося і без негатыўных момантаў. Зафіксаваны выпадкі вандалізму. Так, у першыя ж дні, пасля таго як пасадзілі зялёную загарадзь, былоўкрадзена 15 кустоў. Усё ж мясцовыя актывісты разлічваюць, што сумеснымі намаганнямі ўдасца захаваць інфраструктуру новага прывабнага месца адпачынку.

ТРК «Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая