Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці неабходна змяніць структуру пасяўных плошчаў – Леанід Заяц

У Магілёўскай вобласці неабходна змяніць структуру пасяўных плошчаў. На гэта звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падчас рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях уборкі ўраджаю.

Там, дзе пераважаюць так званыя лёгкія глебы (Глускі, Слаўгарадскі, Асіповіцкі і інш. раёны), у структуры пасеваў збожжавых культур не менш за 70% павінны займаць азімыя формы. Паводле слоў Леаніда Зайца, сёння вядзецца актыўны пошук неабходнай колькасці насення азімых збожжавых культур, каб забяспечыць гаспадаркі гэтых рэгіёнаў. 

На шляху да добрага ўраджаю яшчэ адзін немалаважны крок – падрыхтоўка зямель: ачыстка ад пустазелля і ўнясенне угнаенняў. Сёння Магілёўская вобласць на 121% забяспечана каліем, 68% – азотам і 9% – фосфарам. Дадаткова з мясцовых фермаў вывозяцца ўсе запасы арганікі, паколькі стаіць задача падтрымаць азімыя збожжавыя культуры 2 млн. т названых угнаенняў.

У гэтым годзе аграрыі рэгіёна разлічваюць атрымаць 1 млн. 150 тыс. т збожжа – гэта на чвэрць больш, чым было сабрана ў 2018-м.У дзень у сярэднім па вобласці плануюць прыбіраць 5-7% ад агульнага аб’ёму пасеваў. Задача сабраць ураджай своечасова, паводле слоў кіраўніка вобласці, будзе выканана. Палівам і кадрамі Магілёўшчына забяспечана. Усе арганізацыйныя пытанні вырашаны. Збожжаўборачны парк з аб’ёмам 1189 камбайнаў гатовы практычна на 98%. Тэхніка, якая мае патрэбу ў бягучым рамонце, знаходзіцца на пастаянным кантролі. Усе камбайны аснашчаны электраабсталяваннем, а значыць, будуць эфектыўна выкарыстоўвацца ў дзённы і вячэрні час.

Паводле слоў Леаніда Зайца, пасевы кукурузы на зерне ў гэтым годзе павялічаны ў 2 разы. Частку ўраджаю будуць сушыць для кармлення свіней і птушкі, а асноўную масу перапрацуюць і ўкруцяць ў палімерныя рукавы для надзейнага захоўвання.

Асаблівую ўвагу ў Магілёўскай вобласці цяпер надаюць падрыхтоўцы да сяўбы азімага рапсу. З 70 тыс. га, выдзеленых пад крыжакветныя культуры, 60 зойме рапс, а 10 – свірэпіца. «Уносяцца ўгнаенні, праводзяцца навучальныя семінары з кадрамі сельгаспрадпрыемстваў, упраўленняў па сельскай гаспадарцы, каб у бягучым годзе зрабіць базу пад ураджай гэтай культуры ў 2020-м», – падсумаваў Леанід Заяц.

Паралельна ў вобласці вядуцца работы па корманарыхтоўцы. Чаканая забяспечанасць кармамі ў гаспадарках рэгіёна складзе 30 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 3,5 ц больш, чым у мінулым годзе. У ліку важных задач – цалкам захаваць сенаж і сілас, што выключае закладку ў бурты і курганы. Таму ідзе актыўная праца па ўзвядзенні траншэй. 

Паводле ацэнак спецыялістаў, на Магілёўшчыне атрыманы нядрэнны ўраджай лёну – больш за 38 ц/га. Плануецца вырабіць 32 тыс. т ільнотрасты высокай якасці і каля 1,5 тыс. т ільнонасення. Для гэтага ў наяўнасці ёсць 238 адзінак спецыялізаванай тэхнікі. Дадаткова «Бабруйскаграмаш» паставіў 17 адзінак новых прэсаў, каб узмацніць тэхнічную моц Шклоўскага льнозавода.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухаўшы даклад Леаніда Зайца, пазітыўна ацаніў зробленыя ім захады ў аграрнай сферы. «Тыя дамоўленасці, якія ў нас з вамі дасягнуты, вытрымліваеце. Вы слова ў слова далажылі аб тым, аб чым мы з вамі дамаўляліся. Гэта сведчыць аб тым, што вы ўсё ж такі даможацеся пералому ў Магілёўскай вобласці, – лічыць кіраўнік дзяржавы. – Галоўнае, што вы разумееце, што трэба рабіць. У Магілёўскай вобласці заўсёды было нялёгка з кадрамі. Проста трэба знайсці такіх людзей, якія хочуць і ўмеюць працаваць, добра ім заплаціць».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аграрыі ўсіх рэгіёнаў у сваёй дзейнасці павінны ўлічваць змены клімату: «Нельга працаваць традыцыйна, як мы 20-30 гадоў таму працавалі. А ў нас гэта інерцыя яшчэ захоўваецца».

Таксама Прэзідэнт нагадаў аб неабходнасці распаўсюджвання ў сельскагаспадарчых арганізацыях Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнах вопыту ўзвядзення простых фермаў, які прымяняецца ў СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага раёна. Тут будынкі для ўтрымання буйной рагатай жывёлы ўяўляюць з сябе звычайныя моцныя адрыны: сцены, дах, дзверы. Па цэнтры – забетанаваны праход, а па баках – па доўгім загоне. У цэнтры кожнага – паілка. Корм даецца стандартна ўздоўж загону, але строга па часе, і склад яго старанна прадуманы. Загоны чысціць тэхніка, калі жывёла на выгуле. Узімку ацяпленне не трэба: паветра награваецца ад тэмпературы цела жывёл.

Як растлумачыў па выніках рэспубліканскай селектарнай нарады Леанід Заяц, такая праца ў рэгіёне ўжо вядзецца. Недарагая тэхналогія прыносіць дывідэнды. Падобныя фермы ўжо з’явіліся ў іншых гаспадарках Бялыніцкага і Глускага раёнаў.

У селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю, якую сёння праводзіў Аляксандр Лукашэнка, прыняло ўдзел кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю. У абласных студыях на прамой відэасувязі з Прэзідэнтам знаходзіліся губернатары, памочнікі кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах, а таксама намеснікі старшыняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, якія курыруюць пытанні сельскай гаспадаркі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая