RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці пры пажарах за апошнія двое сутак загінула 5 чалавек

Сем пажараў адбылося за суткі ў Магілёўскай вобласці. Загінула 2 чалавекі, паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Так, 18 лютага каля 12 гадзін дня сын прыехаў наведаць сваю маці, якая жыве ў вёсцы Двор-Гарбацэвічы Бабруйскага раёна. Аднак замест утульнага дома яго сустрэла жыллё, напоўненае дымам і агнём. Унутры знаходзілася 77-гадовая пенсіянерка. Мужчына ў шчыльнай заслоне дыму знайшоў яе і вынес з палаючага дома. На жаль, было ўжо занадта позна. Жанчына загінула. У выніку пажару знішчаны дах і маёмасць, пашкоджана перакрыцце і сцены дома. Прычыну таго, што адбылося, яшчэ трэба будзе высветліць спецыялістам.

У гэты ж вечар ахвярай агню стаў 41-гадовы слаўгарадчанін, які пражывае ў прыватным жылым доме па вул. Суворава. Прычына пажару ўстанаўліваецца.

«За апошнія 2 сутак у агні абарвалася жыццё 5 чалавек, – канстатавала Вольга Нехарошых. – Гэта непражытыя жыцці, нерэалізаваныя планы і надзеі, гэта боль родных і блізкіх. Калі за акном мінусавая тэмпература, больш інтэнсіўна эксплуатуецца пячное і кацельнае абсталяванне, электрычныя сеткі, ды і заўзятыя курцы не выходзяць на вуліцу, а паляць у доме, прычым нярэдка прама ў ложку. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя з агнём! Тушыце недакурак да апошняй іскры, сыходзячы з хаты, або, укладваючыся спаць, адключайце электрапрыборы ад сеткі, не перепальвайце печ – паліце двойчы на дзень з некаторым інтэрвалам, не пакідайце ў зоне даступнасці дзецям запалкі або запальніцы».

Ратавальнікі заклікаюць наведаць сваіх састарэлых бацькоў ці сваякоў, дапамагчы ім з рамонтам праводкі і пячнога ацяплення, пачысціць дах і дарожкі ад снегу, замяніць даўно сапсаваны халадзільнік і проста пабыць побач, калі трэба.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая