Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці распрацаваны дадатак для пошуку загінулых абаронцаў Айчыны

Напярэдадні 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама распрацаваны дадатак «Аб’яднаны банк даных пра абаронцаў Айчыны, загінулых і пахаваных на тэрыторыі Магілёўскай вобласці».

На працягу года была сфарміравана база даных для дадатку, і ў снежні 2019 года на сайце аблвыканкама пачала функцыянаваць яго поўная версія, якая змяшчае звесткі аб усіх вядомых абаронцах Айчыны, загінулых і пахаваных на тэрыторыі вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Віктар Бубянцоў, гэты сэрвіс дазваляе за мінімальны час знайсці месца пахавання, месца прызыву, назву падраздзялення і кантактную інфармацыю аб службовых асобах гаррайвыканкамаў, гатовых аказаць садзеянне ў наведванні месцаў пахавання заяўнікамі і іншую наяўную інфармацыю.

Акрамя гэтага, для зручнасці карыстальніка да кожнага прозвішча пахаванага прымацаваны пашпарт воінскага пахавання, у якім ён знаходзіцца, і паказана яго дакладнае месца пахавання, а таксама спасылкі на тры асноўныя міжнародныя пошукавыя сайты (АУС «Мемарыял», «Подзвіг народа», «Памяць народа»), пераходзячы па якіх адлюстроўваецца ўся наяўная інфармацыя на неабходнае прозвішча. Дзякуючы гэтаму дадатку, чалавеку, які валодае мінімальнымі звесткамі пра свайго сваяка, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пахаваны на тэрыторыі вобласці, больш не трэба звяртацца з лістамі ў органы дзяржаўнага кіравання па прадастаўленне першасных звестак, а дастаткова проста зайсці на сайт аблвыканкама, адкрыць дадатак і ўвесці ў пошукавіку наяўныя звесткі.

У дадатак да гэтага кнігі «Памяць», раней размешчаныя на сайтах абласнога, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, цяпер будуць насіць выключна інфармацыйны характар, і недакладнасці, названыя ў іх, можна будзе карэктаваць у дадатку.

Падобны праект быў створаны на прыкладзе трох найбуйнейшых (вышэйназваных) пошукавых сістэм, унікальнасць яго ў тым, што аналагаў яму ў Рэспубліцы Беларусь няма, і ён утрымлівае ў базе даных звесткі толькі аб Магілёўскай вобласці, якія абнаўляюцца на пастаяннай аснове па меры паступлення новай інфармацыі з рэгіёнаў. Акрамя гэтага, дыялогавае акно зваротнай сувязі дазволіць грамадзянам пры наяўнасці якіх-небудзь новых звестак або выяўленні недакладнасцей прадастаўляць інфармацыю пра іх для далейшага размяшчэння ў базе даных.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая